У Барысаве арыштаваны журналіст за "удзел у вулічнай бойцы"


У Барысаве арыштаваны на пяць сутак супрацоўнік недзяржаўнай малатыражнай газеты "Печи сегодня", сябра БАЖ* Сяргей Салаш. 12 студзеня суддзя Барысаўскага раённага суда Ніна Стрыгалёва вынесла рашэнне аб адміністратыўным арышце С.Салаша за "удзел у вулічнай бойцы".

У Барысаве арыштаваны на пяць сутак супрацоўнік недзяржаўнай малатыражнай газеты "Печи сегодня", сябра БАЖ Сяргей Салаш.

12 студзеня суддзя Барысаўскага раённага суда Ніна Стрыгалёва вынесла рашэнне аб адміністратыўным арышце С.Салаша за "удзел у вулічнай бойцы".

Як расказаў на судзе сам Сяргей Салаш, каля яго дома 11 студзеня прыкладна ў 16.40 да яго падышоў незнаёмец і ў нецэнзурных выразах абвінаваціў у тым, што Салаш быццам бы запэцкаў фарбай яго аўтамабіль. Незнаёмец хапаўся за вопратку і спрабаваў справакаваць бойку. Раптоўна з’явіўся нарад патрульнай службы і затрымаў абодвух.

У пратаколе затрымання гаворыцца, што нехта Пятрэнка і Салаш “распачалі скандал і парушылі грамадскі пакой”.

Пад час суда над Сяргеем Салашам Пятрэнка ў залі не прысутнічаў, і абвінавачванне грунтавалася на паказаннях міліцыянераў, які сцвярджалі, што бачылі, як Салаш і Пятрэнка трымалі адзін аднаго за вопратку.

Як патлумачыла падчас судовага разбіральніцтва суддзя Стрыгалёва, чалавек па прозвішчы Пятрэнка, які, дарэчы, не пражывае ў Барысаве, прызнаў сваю віну, і таму быў падвергнуты штрафу і адпушчаны на волю. А паколькі С. Салаш віну не прызнаў, то яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Дарэчы, Сяргей Салаш у сёлетняй выбарчай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты раённага і абласных саветаў Дзмітрыя Бабіцкага.

У сакавіку мінулага года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў журналіст таксама падвяргаўся адміністратыўнаму арышту.