На Гомельскім радыё не прагучала выступленне кандыдата ў дэпутаты ад БНФ
У Гомелі ў эфіры дзяржаўнага радыё не прагучала выступленне кандыдата ў дэпутаты Гомельскага гарсавета ад Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі-БНФ Уладзіміра Шыцікава, запланаванае на 28 снежня.
Каля 12 гадзін апоўдні 28 снежня выпуск навін гарадскога радыё па правадной сетцы нечакана быў перапынены музыкай і рэкламай амаль на 20 хвілін. Менавіта ў гэты час, адведзены для гарадскіх навін, павінна было прагучаць выступленне кандыдата ў дэпутаты.
На радыё гэты інцыдэнт патлумачылі тым, што здарылася “тэхнічная накладка”.
Выступленне Уладзіміра Шыцікава, кандыдата ў дэпутаты па Рэчыцкай акрузе №27 Гомеля, было запісана ў студыі гарадскога радыё напярэдадні 27 снежня.
У гэты ж дзень спадара Шыцікава выклікалі ў гарадскую выбарчую камісію і паведамілі, што “у тэксце выступлення на гарадскім радыё” ён парушыў адразу тры артыкулы (47, 49, 75) Выбарчага кодэксу.
“Падчас запісу я сказаў, што не трэба падтрымліваць цяперашні рэжым, які груба парушае правы чалавека, знішчае мову і культуру беларускай нацыі, фальшуе выбары. Гэта, відаць, і не спадабалася выбарчай камісіі”, – выказаў сваё меркаванне супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ кандыдат у дэпутаты гарсавета Уладзімір Шыцікаў.
У рашэнні Гомельскай выбарчай камісіі не згадваецца, якія менавіта словы ці сказы ў выступленні Ул. Шыцікава парушаюць Выбарчы кодэкс. Няма таксама высновы, што выступленне нельга трансляваць па радыё. Аднак яно так і не прагучала ў эфіры.