Рэдактар літоўскай газеты "Laisvas laikrastis" звярнуўся ў суд з зыскам да кіраўніка Дэпартамента бяспекі


Галоўны рэдактар літоўскай газеты "Laisvas laikrastis" ("Свабодная газета") Аўрымас Дрыжус падаў у суд зыск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі да кіраўніка Дэпартамента бяспекі Літвы Арвідаса Пацюса.

Галоўны рэдактар літоўскай газеты "Laisvas laikrastis" ("Свабодная газета") Аўрымас Дрыжус падаў у суд зыск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі да кіраўніка Дэпартамента бяспекі Літвы Арвідаса Пацюса. Журналіст праз суд патрабуе, каб кіраўнік спецслужбаў публічна абверг свае сцверджанні, што А. Дрыжус мае стасункі з прадпрыемствамі, якімі кіруюць былыя супрацоўнікі КДБ СССР, - паведаміў прэс-службе БАЖ старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайніс Радзевічус. Таксама ў зыску выказана патрабаванне да А. Пацюса тэрмінова перастаць і далей распаўсюджваць гэтую інфармацыю.

Пакуль Аўрымас Дрыжус не патрабуе ў зыску фінансавай кампенсацыі за матэрыяльны ці маральны ўрон, але ў будучым гэта магчыма, - зазначыў адвакат журналіста Гедымінас Баўбліс. Ён таксама выказаў меркаванне, што ў перспектыве гэта справа можа мець працяг у Вярхоўным ці Канстытуцыйным судзе Літвы.

Нагадаем, 7 верасня рэдактар "Свабоднай газеты" быў затрыманы супрацоўнікамі службы бяспекі. У офісе рэдакцыі правялі ператрус, была заблакавана інтэрнэт-версія газеты, а наклад свежага нумару "Свободнай газеты" канфіскаваны з продажу. Назаўтра А. Дрыжуса адпусцілі, але папярэдне яму было прад'яўлена абвінавачанне па арт. 124 Крымінальнага кодэкса (атрыманне і распаўсюджанне інфармацыі, якая ўтрымлівае дзяржаўную тайну). Менавіта гэтыя звесткі патрабуе абвергнуць журналіст.

Прычынай затрымання і абвінавачання, стала інфармацыя, надрукаваная ў канфіскаваным нумары газеты. У адным з артыкулаў была пераказана тэлефонная размова былога спікера літоўскага сейма А. Паўлаўскаса з прадпрымальнікам, кіраўніком "Olimpic cazino" (гэта прадпрыемства фігуруе ў скандале аб фінансаванні партыі "Новы час" на парламенцкіх выбарах у 2004 годзе). А па неафіцыйных звестках, у гэтым нумары таксама была надрукавана сенсацыйная інфармацыя аб гібелі літоўскага дыпламата ў Беларусі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"