Выстава "СМІ ў Беларусі" - люстэрка сітуацыі з беларускімі мас-медыя
3 траўня ў выставачным цэнтры "Белэкспа" ў Мінску адкрылася 10-я выстава "СМІ ў Беларусі". Як і чакалася, недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні на ёй не прэзентаваліся: прадстаўнікі БАЖ знайшлі каля стэндаў толькі лічаныя асобнікі найбольш "бяскрыўдных" вечаровых газет. У першы ж дзень арганізатары выставы ўручылі ўзнагароды за лепшыя публікацыі на тэму дзяржаўнага будаўніцтва, лаўрэатамі якіх сталі не журналісты, а дзяржаўныя чыноўнікі; прычым, некаторыя з іх - другі год запар.
Самы вялікі стэнд выставы "СМІ ў Беларусі" належаў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі: ён быў разгорнуты адразу каля ўваходу ў залю і без перапынку бавіў гледачоў канцэртнай праграмай з удзелам беларускіх "тэлезорак". Каля ўваходу разгарнуўся і ярка-чырвоны стэнд "Советской Белоруссии"; крыху далей - "Звязды", "Рэспублікі" і іншых дзяржаўных выданняў. Шырока прэзентавалася расійская прэса: асобны стэнд быў адведзены маскоўскім СМІ, асобны - СМІ Маскоўскай вобласці; знайшлося на выставе месца для прэсы Кыргызстану, Кітаю, Чарнігаўскай вобласці Украіны і г.д. Месца ўздоўж сценаў адвялі пад абласную беларускую прэсу: кожная вобласць рыхтавала сваю прэзентацыю і свой стэнд. Аднак недзяржаўныя выданні там можна было знайсці хіба што ў абласных каталогах. Да прыкладу, калі прадстаўнікі БАЖ пажадалі азнаёміцца з недзяржаўнымі выданнямі Магілёўскай вобласці, аказалася, што на стэндзе ў наяўнасці толькі адзін асобнік газеты "Вечерний Бобруйск". У лепшым выпадку, такая ж сітуацыя назіралася і на стэндах іншых абласцей; у горшым - недзяржаўная прэса адсутнічала ўвогуле. Ніводнага стэнду, падрыхтаванага самімі рэдакцыямі недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў, на выставе не было заўважана.
Па назіраннях, напрацягу апошніх некалькіх гадоў недзяржаўныя газеты грамадска-палітычнай скіраванасці не бяруць удзелу ў выставе: некаторыя з іх спасылаюцца на высокі кошт стэндаў, а іншыя прамым тэкстам кажуць пра ідэалагічную несумяшчальнасць свайго выдання з афіцыёзным мерапрыемствам.
Пад час адкрыцця выставы "СМІ ў Беларусі" міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч уручыў дыпломы за лепшыя публікацыі 2005 году па праблемах дзяржаўнага будаўніцтва. Сярод пераможцаў апынуліся старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Віктар Камянкоў, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, міністр адукацыі Аляксандар Радзькоў, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. (Цікава, што Лідзія Ярмошына і Віктар Камянкоў атрымалі гэткія ж самыя ўзнагароды на выставе "СМІ ў Беларусі" ў мінулым годзе).
5 траўня ў Палацы рэспублікі будуць ганараваць пераможцаў заснаванага Міністэрствам інфармацыі Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ. Імёны пераможцаў агучаць 5 траўня на цырымоніі ў Палацы Рэспублікі.
Выстава будзе працаваць да 6 траўня. Яе мэта заяўлена як "прапаганда айчынных друкаваных і электронных СМІ, садзеянне інтэграцыі Беларусі ў сусветную інфармацыйную прастору, умацаванне і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы інфармацыі і друку". Выстава ладзіцца Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы МЗС, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Мінгарвыканкама, Беларускага саюзу журналістаў, Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы, Міжнароднага антытэрарыстычнага медыяфоруму і іншых структур.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"