У Мінску затрыманыя журналісты


Двое журналістаў - Наталля Валакіда (прэс-служба АГП) і Таццяна Снітко ("Наша ніва", "Прима-news") былі затрыманыя сёння каля будынку суда Першамайскага раёна г. Мінска

Двое журналістаў - Наталля Валакіда (прэс-служба АГП) і Таццяна Снітко ("Наша ніва", "Прима-news") былі затрыманыя сёння каля будынку суда Першамайскага раёна г. Мінска, дзе адбываюцца слуханні па справе моладзевага лідэра Артура Фінькевіча. Прыкладна паўгадзіны журналісткі правялі ў Першамайскім РУУС, пасля чаго іх адпусцілі.

Журналістак затрымалі людзі ў цывільным, калі тыя выйшлі з будынку суда пасля абвяшчэння перапынку ў слуханнях. Нягледзячы на прад'яўленыя журналісцкія пасведчанні, іх разам з яшчэ некалькімі затрыманымі даставілі ў Першамайскі РУУС, дзе змясцілі ў актавай залі пад аховай і сказалі, што правядуць з імі "прафілактычную размову".
Праз некаторы час прыйшоў намеснік начальніка РУУС палкоўнік Уладзімір Навіткевіч, які праглядзеў відэазапіс падзеяў, што разгортваліся каля суда пад час слуханняў (група маладых людзей ладзіла акцыю падтрымкі А. Фінькевіча). Пераканаўшыся, што Т. Снітко і Н. Валакіды на стужцы не было, У. Навіткевіч дазволіў журналісткам ісці. Астатнія затрыманыя засталіся ў РУУС.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"