Учора ўвечары ў Мінску на пэўны час былі затрыманыя карэспандэнты інфармацыйных агенцтваў "Associated Press" і "Reuters"
Увечары 4 траўня каля чыгуначнага вакзалу ў Мінску міліцыя затрымала фотакарэспандэнтаў інфармацыйных агенцтваў "Associated Press" і "Reuters" Сяргея Грыца і Васіля Фядосенку. Без усялякіх тлумачэнняў пратрымаўшы іх каля паўгадзіны ў лінейным аддзяленні міліцыі на вакзале, журналістаў адпусцілі.
Карэспандэнты былі на вакзале ў звязку з планаваным там флэш-мобам, які (відавочна, з прычыны вялікай канцэнтрацыі міліцыі) так і не адбыўся. Журналістаў затрымала міліцыя прыкладна ў 20.00, калі яны рабілі фотаздымкі ля ўваходу ў будынак вакзалу.
Увогуле, як паведаміў БАЖ адзін з журналістаў - відавочцаў учорашніх падзеяў на вакзале і на выставе "СМІ Беларусі", у міліцыі з'явілася "новая мадэль паводзінаў" з прадстаўнікамі прэсы. Да прыкладу, перад флэш-мобам ля будынку "Белэкспа" да журналістаў "AP" i "Reuters" (якія стаялі з бэджамі "прэса") падышлі людзі ў цывільным і заявілі, што яны, маўляў, - арганізатары акцыі, таму што "размаўлялі з яе удзельнікамі". Журналісты заўважылі таксама, што пасля вечаровых падзеяў на вакзале іх пэўны час суправаджаў чалавек у цывільным.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"