Губарэвічы: «Дайце мне пуцёвачку на той сьвет»


Жыхары забруджанай радыяцыяй вёскі Губарэвічы Хойніцкага раёна просяць не адсяляць іх зь іхняга радыяцыйнага паселішча.

Жыхары забруджанай радыяцыяй вёскі Губарэвічы Хойніцкага раёна просяць не адсяляць іх зь іхняга радыяцыйнага паселішча. Гэтая вёска — побач са Стралічавам, дзе вядзецца ўся гаспадарчая дзейнасьць. У саміх Губарэвічах таксама ёсьць дзейная жывёлагадоўчая фэрма, збожжавы комплекс, наўкола абрабляюцца палеткі.

У Губарэвічах цяпер, нібы на выспачках, жыве пяць сямей. Агулам 7 чалавек. Наўкола спэцыялізаванае прадпрыемства «Палесьсе» закопвае ў зямлю кінутыя пасьля Чарнобылю пабудовы перасяленцаў. Апошнія губарэвіцкія жыхары не здаюцца — ня хочуць пераяжджаць ні ў Стралічава, ні ў Хойнікі.

Апавядае Надзея Зорына:

«Райвыканкам цісьне на сельсавет, а сельсавет нас папярэджвае: давайце, зьбірайцеся. Яны вёску хочуць цалкам аслабаніць. Фэрма вунь побач, збожжаток — сеюць вакол, усё робяць. А гэта ўжо прыдумалі — высяляцца. Яны ж ня маюць права дом раскідаць. Дапамажыце мне — няхай стаіць дом, гэты помнік. Можа, сын прыедзе з Чукоткі ды фэрмэрства тут разьвядзе».

Надзея Зорына вартуе тэхніку

У спадарыні Надзеі ёсьць кватэра ў Хойніках. Матчына хата, у якой яна цяпер жыве, адпісана на сына, які зарабляе пэнсію ў Расеі і, па словах Надзеі, хоча вярнуцца ў Губарэвічы.

Суседка Зорынай, спадарыня Рыма, прыехала ў Губарэвічы з Таджыкістану. Уцякала зь сям’ёй ад вайны. Радыяцыі не баіцца, бо яна нябачная.

Жывае ў Губарэвічах з дарослаю дачкою. Працавала тут даяркаю, а цяпер займаецца прыватнай гаспадаркай:

«Навошта нас высяляць? Я тут ужо адзінаццаць гадоў пражыла. У мяне тут зямля й гаспадарка. Куды мы паедзем? У Стралічаве далі мне хату з хлеўчуком. Пабудовы з 56-га году мінулага веку. Хляўчук ледзьве трымаецца. Куды я жывёлу пастаўлю? У хляўчук, каб дахам прыціснула? А на перабудову хлеўчука патрэбны час, мужчынскія рукі, грошы. Мы хочам тут застацца, тут у нас усё наладжана».

73-гадовая Аляксандра Бандарэнка, якая жыве з сынам і хварэе на вочы, просіць толькі адно:

«Куды нас выганяць? Я ўжо нічога ня бачу. Адно я прасіла й прашу: дайце мне пуцёвачку на той сьвет. Толькі гэта — і больш я нічога ня хочу».

Пасьля Чарнобылю ў Губарэвічах выпала больш як 10 кюры на квадратны кілямэтар радыёактыўнага цэзію й звыш 2 кюры — стронцыю. Пераважную большасьць вяскоўцаў адсюль перасялілі. Некаторыя зь іх атрымалі кватэры, пакінулі іх дзецям, а самі працягвалі жыць у вёсцы.

Улады сьпярша былі зацікаўленыя ў рабочых руках, бо тут заставалася жывёлагадоўчая фэрма й збожжасушыльны комплекс, дзе саўгас «Стралічава» рыхтуе насеньне. Цяпер інтарэс да іх зьнік.

Да 78 гадоў працавала ў саўгасе й Марыя Дашук:

«Пісала я два разы ў Менск, каб перадалі маё пісьмо Лукашэнку. Я была не прапісаная тут, і цяпер не прапісаная. Дык ня мне адказ прыйшоў, а на Хойнікі. І мне ўжо з Хойнікаў паведамілі, што ніякай да мяне літасьці няма. Шэсьцьдзесят пяць гадоў у мяне працоўнага стажу. Я пайшла працаваць з красавіка 1994 году, а разьлічылася толькі ў сакавіку 2008-га. Працавала без адпачынкаў і выходных. Усялякую працу выконвала — кароў даіла, усю іншую работу рабіла».

Марыя Дашук

Жанчына расла ў вялікай сям«і, але сваю ўласную сям’ю не займела. Дажывае век адна. Са сваёй хаты наводшыбе перабралася ў адну з апусьцелых — бліжэй да аднавяскоўцаў, бо гаспадарку рабавалі злодзеі: кралі курэй і нават парсюкоў. Цяпер бабулю прымушаюць высяляцца на той падставе, што яна атрымала за хату кампэнсацыю:

“Хату маю здалі безь мяне. Далі за яе 7 мільёнаў беларускіх рублёў. Я за 7 мільёнаў кватэры сабе не куплю. Сказала старшыня сельсавету высяляцца. Куды, я ня ведаю. Сястра ў мяне жыве ў Славуцічах, але ж гэта Ўкраіна — чаго я туды паеду? На вуліцы буду жыць! А што рабіць?”

79-гадовы жыхар Губарэвічаў Міхаіл Рудзянок яшчэ і цяпер працуе па кантракту ў КСУП “Стралічава” кіроўцам. Жонка ў яго памерла, жыве адзін. Ехаць да дзяцей не зьбіраецца, каб не замінаць. Міхаіл Рудзянок згадвае, што вяскоўцы дамагаліся дазволу ў Гомельскім аблвыканкаме, каб застацца на месцы. Скардзіліся раней асабіста й Аляксандру Лукашэнку. Дазвол нібыта атрымалі. І райвыканкам пагадзіўся — пра гэта напісала сёлета ўвесну раённая газэта “Ленінскі сьцяг”. Цяпер — зноў высяляюць:

Міхаіл Рудзянок

“Што там атрымалася ў раёне, я ня ведаю. Налягаюць! Кажуць, што трэба ачысьціць зону разам з тымі хатамі, якія раскідаюць. Якая тут розьніца — адзін кілямэтар ад цэнтральнай сядзібы! Дзесьці восем гадоў таму прыяжджаў у раён Лукашэнка і наведаў наш збожжасушыльны комплекс. Нашы жанчыны, і я разам зь імі, зьвярнуліся да Лукашэнкі, расказалі пра сваё становішча. Так і так, мы тут працуем, і хацелі б, каб нас прыпісалі тут. Ён прысутнаму старшыні сельсавета сказаў, каб без прамаруджваньня прапісалі нас. Няхай, маўляў, людзі працуюць і абагачаюцца”.

Спадар Міхаіл кажа, што пераяжджаць яму куды-небудзь ніяк не выпадае:

“У мяне чатыры тоны бульбы, збожжа тоны тры. Сьвіньні, куры ёсьць. Ну куды мне? Я яшчэ працую па кантракту — ужо дваццаты год. Дапамажыце, каб пры іх націску не памерці тут на месцы. Акурат так сышлося: сёньня восемдзесят гадоў, як майму дзеду кайданкі надзелі. Раскулачвалі й выганялі ў Сібір. І вось на табе — даводзіцца яшчэ і ўнуку гэтыя мукі цярпець за ягоную зямельку, што ён купіў, і я на ёй жыву”.

Тэхніка спэцпрадпрыемства “Палесьсе” ў Губарэвічах

Старшыня Стралічаўскага сельскага савету спадарыня Бельская пацьвердзіла, што зараз рыхтуюцца позвы ў суд на прымусовае высяленьне жыхароў Губарэвічаў зь іх забруджанай радыяцыяй вёскі.