Суд адмяніў штраф рэдактару газеты "Вольныя навіны"


6 траўня суддзя Жыткавіцкага раённага суда Ганна Бабенка адмяніла рашэнне адміністратыўнай камісіі райвыканкама аб спагнанні з рэдактара газеты "Вольныя навіны" (наклад - 299 ас.), сябра АГП Міхаіла Козела штрафу ў памеры 62 тысячы рублёў.

6 траўня суддзя Жыткавіцкага раённага суда Ганна Бабенка адмяніла рашэнне адміністратыўнай камісіі райвыканкама аб спагнанні з рэдактара газеты "Вольныя навіны" (наклад - 299 ас.), сябра АГП Міхаіла Козела штрафу ў памеры 62 тысячы рублёў.
М. Козел выпусціў малафарматную газету "Вольныя навіны", у якой апублікаваў віншаванне мясцоваму начальству наступнага зместу: "Шчыра віншую старшыню Жыткавіцкага райвыканкама Пятра Савіцкага, намесніка старшыні Уладзіміра Гулюту і начальніка ідэалагічнага аддзелу Ігара Нікіфарава з аднаўленнем выхаду мясцовай незалежнай газеты "Вольныя навіны".

Раённае начальства ўгледзела в гэтым знявагу. Адпаведныя заявы ў адміністратыўную камісію райвыканкама падалі У. Гулюта і І. Нікіфараў. Камісія палічыла, што рэдактар "Вольных навін" парушыў арт. 172 ч.3 КоАП тым, што "у снежні 2005 г. вырабіў з парушэннем устаноўленага парадку друкаваныя выданні, змест якіх нанес маральныя страты і знявагі як чалавека і адказнай асобы Гулюту У. і Нікіфараву І.".
Міхаіл Козел аспрэчыў у судзе рашэнне раённай камісіі, патлумачыўшы, што ва ўказанай частцы КоАП гаворка ідзе пра выпускныя звесткі і змест друкаваных выданняў, накіраваных на нанясенне шкоды дзяржаўнаму і грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян. Яго ж газета, вырабленая накладам 299 асобнікаў, мела выходныя звесткі, і віншаванні адказным асобам ніяк не маглі нанесці ім маральнага ўрону.

Адбылося тры паседжанні суда. Старшыня адміністратыўнай камісіі райвыканкаму Мікалай Кошман у судзе заявіў, што не з'яўляецца спецыялістам у галіне заканадаўства аб СМІ. Начальнік ідэалагічнага адзелу Нікіфараў заявіў, што як дзяржслужбовец ён лічыць для сябе зневажальным віншаванне, змешчанае на адной старонцы з прозвішчам апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Намеснік старшыні райвыканкаму Гулюта патлумачыў, што асабіста ён зняважаны ў сувязі са згадкай сваёй пасады.
Узважыўшы довады бакоў, суддзя Бабенка прызнала неабгрунтаваным рашэнне раённай адміністратыўнай камісіі. Пакуль невядома, ці будзе камісія шукаць новых аргументаў, каб пакараць рэдактара.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"