Галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты "Химик" выклікалі ў пракуратуру
24 красавіка галоўнага рэдактара наваполацкай недзяржаўнай газеты "Химик" Сяргея Балая выклікалі ў гарадскую пракуратуру, дзе ўзялі з яго тлумачэнні ў звязку са скаргамі, што паступілі з упраўлення ідэалогіі Наваполацкага гарвыканкама, - паведаміла агенцтва БелаПАН.
У лістах сцвярджалася, што газета неаднаразова парушыла заканадаўства: у прыватнасці, самавольна змяніла перыядычнасць выхаду, публікавала тэлепраграму без заключэння дамоваў з агенцтвам БелТА і г.д. Акрамя гэтага, прэтэнзіі гарвыканкаму выклікалі два артыкулы: у адным падаваліся дадзеныя сацыялагічнага апытання пра ступень задаволенасці жыхароў горада працай уладных структур, а другі ўяўляў інтэрв'ю з тагачасным кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным. (Гарвыканкам палічыў, што ў першым выпадку газета праводзіла апытанне без нібыта неабходнай акрэдытацыі, а інтэрв'ю з Казуліным расцаніў як апублікаванне яго перадвыбарнай праграмы).
У пракуратуры С. Балай патлумачыў, што ў звязку з неабходнасцю дастаўляць газету чытачам самастойна (пасля скасавання дамоваў з "Белпоштай" і "Віцебскаблсаюздрукам") рэдакцыя прыняла рашэнне выпускаць раз на тыдзень здвоены нумар, пра што пісьмова паведаміла Міністэрству інфармацыі. Датычна тэлепраграмы сп. Балай патлумачыў, што па беларускім заканадаўстве яна не з'яўляецца аб'ектам аўтарскага права. "Такая інфармацыя, што стала агульнадаступнай, можа быць апублікаваная ў любых газетах", - адзначыў журналіст у гутарцы з БелаПАН.
Галоўны рэдактар "Химика" лічыць неабгрунтаванымі прэтэнзіі гарвыканкама да публікацый у газеце: з яго словаў, сацыёлагі, якія праводзілі ў Наваполацку апытанне, маюць дазвол на такія даследаванні; матэрыял жа пра А. Казуліна ўяўляе сабою інтэрв'ю, якое журналіст узяў у палітыка пад час яго візіту ў Наваполацк.
"Нягледзячы на тое, што нашу газету фактычна пазбавілі магчымасмці распаўсюджвацца, мясцовыя ўлады, у прыватнасці, упраўленне ідэалогіі гарвыканкама, працягваюць спробы "задушыць" "Химик". Аднак мы ўпэўненыя, што не парушалі закону, і пастараемся даказаць гэта", - зазначыў С. Балай.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"