Пакаранне для Антона Філімонава - 2,5 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай


2 з паловай гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады - такое пакаранне вызначыў сёння суд Першамайскага раёна г. Мінска для Антона Філімонава.

2 з паловай гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады - такое пакаранне вызначыў сёння суд Першамайскага раёна г. Мінска для Антона Філімонава. Для астатніх траіх абвінавачаных вызначана пакаранне тэрмінам на 2 гады пазбаўлення волі - таксама з адтэрміноўкай. Суд перакваліфікаваў абвінавачанне з часткі 2 на частку 1 арт. 221 КК РБ, не ўгледзеўшы паўторнасці ў дзеяннях падлеткаў.

Антон Філімонаў прызнаны вінаватым у вырабе, захаванні і збыце фальшывых грошай; Андрэй Тамковіч і Дзмітрый Драздовіч - у захаванні і збыце; Алег Тарасенка - у збыце. Суддзя Ларыса Фралянкова не знайшла абцяжарвальных абставін у іх дзеяннях і ўзяла пад увагу стан здароўя Антона Філімонава, а таксама тое, што ўсе падлеткі трапілі пад суд упершыню і чыстасардэчна прызналіся ў здзейсненым.
Усім абвінавачаным вызначылі меру стрымання ў выглядзе падпіскі пра нявыезд. Суддзя папярэдзіла, што падлеткі павінныя рэгулярна адзначацца ў міліцыі; калі яны напрацягу двух гадоў парушаць парадак рэгістрацыі, то можа быць пастаўлена пытанне аб іх накіраванні ў месцы пазбаўлення волі. Яна паведаміла таксама, што прысуд можна абскардзіць напрацягу 10 дзён ў Мінскі гарадскі суд.

Бабуля і дзядуля Антона, Дыяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка, лічаць рашэнне суда адэкватным, хаця кажуць, што два з паловай месяцы, якія Антон правёў у СІЗА, не прайшлі для яго без наступстваў. У падлетка з'явіліся праблемы са шчытападобнай залозай і абвастрыліся хваробы нырак і сэрца, і ў канцы месяца яго чакае шпіталізацыя.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"