А.Лябедзька просіць узбудзіць крымінальную справу па фільме "Теория заговора. Управляемый хаос"
Лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падае ў пракуратуру г. Мінска заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце распаўсюду зневажальнай і паклёпніцай інфармацыі ў фільме "Теория заговора. Управляемый хаос", які дэманстраваўся па Першым нацыянальным тэлеканале 20 лютага. Пра гэта паведаміла 27 лютага прэс-служба АГП.
"У гэтым фільме яго аўтарамі, Аляксандрам Зімоўскім (кіраўнік праекту, аўтар сцэнару), Наталляй Ждановіч (рэжысёр), Аляксандрам Мартыненкам (шэф-рэдактар), а таксама Міхаілам Уладзіміравым (чытанне закадравага тэксту) пры садзеянні іншых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія стварылі гэты фільм, і адказных супрацоўнікаў вышэйзгаданай праграмы беларускага тэлебачання, якія паставілі гэты фільм у эфір, была распаўсюджаная зневажальная і паклёпніцкая інфармацыя ў дачыненні да мяне", - гаворыцца ў заяве А. Лябедзькі.
У фільме "Теория заговора. Управляемый хаос" на фоне відэаздымкаў сустрэчы лідэра АГП з грузінскімі партыйнымі лідэрамі за кадрам было сказана, што А. Лябедзька "таксама хоча паспрабаваць вывесці на вуліцу звар'яцелы натоўп". Лідэр АГП называе "верхам цынізму" агучванне дыктарам нібыта адбытага паміж ім і грузінскімі палітыкамі дыялогу, у якім яму прыпісалі фразу : "Мы не остановимся перед тысячами жертв".
У сваёй заяве лідэр АГП просіць пракуратуру завесці крымінальную справу па ч. 2 арт.188 (паклёп, які ўтрымліваецца ў сродках масавай інфармацыі) і ч.ч.1,3, арт. 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў) КК РБ.
Па гэтай жа справе ў суд Першамайскага раёна г. Мінска будзе накіравана аналагічная зыскавая заява з патрабаваннем завесці крымінальную справу па дадзеным зыску; прызнаць звесткі, распаўсюджаныя ў фільме "Теория заговора", не адпаведнымі рэчаіснасці; спагнаць з адказчыкаў грашовую кампенсацыю ў суме адзін мільярд рублёў.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”