С.Завадская выступіла ў Кангрэсе ЗША
Сітуацыя са СМІ напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў; умовы працы журналістаў недзяржаўных СМІ ў Беларусі; утрыманне пад вартай сына забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай - усе гэтыя тэмы прагучалі пад час выступу ў Кангрэсе ЗША Святланы Завадскай, - паведаміў сёння рэсурс tut.by са спасылкай на БелаПАН.
Паводле С.Завадскай, зыходзячы з умоваў, у якіх пачалася прэзідэнцкая кампанія, "можна меркаваць, што выбары не будуць свабоднымі і дэмакратычнымі": у прадэмакратычных сіл няма доступу да дзяржаўных СМІ, незалежныя выданні зачыняюць і г.д. Адной з галоўны праблем для Беларусі з'яўляецца "інфармацыйны вакуум і адсутнасць альтэрнатыўнай інфармацыі", - лічыць С. Завадская.
Яна падкрэсліла складанасці ў расследаванні забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай, сын якой у канцы снежня быў затрыманы па справе аб фальшывых грошах. "Падлетак дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА, і ўлады не пакідаюць спробаў закрыць справу аб забойстве яго маці перад выбарамі, зваліўшы віну на дзіцёнка", - лічыць С. Завадская.
Святлана таксама адзначыла важнасць вяшчання на Беларусь, арганізаванага еўрапейскімі краінамі, і заявіла пра неабходнасць "не забываць пра журналістаў, якія працуюць непасрэдна на тэрыторыі рэспублікі і часта рызыкуюць жыццём, каб данесці праўду да свайго народу".
Паводле БелаПАН, жонка зніклага ў 2000 годзе аператара расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрыя Завадскага знаходзіцца ў ЗША па запрашэнні Міжнароднай лігі правоў чалавека. У межах візіту яна сустракалася з Джонам Маккейнам, прадстаўнікамі амерыканскага Хельсінкскага камітэту, Нацыянальнага савету бяспекі, Камітэту па знешніх сувязях Сенату ЗША. Адбыліся брыфінгі для амерыканскіх журналістаў і праграмы з удзелам Святланы на радыёстанцыях "Свобода" і "Голас Амерыки".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"