Навіны партнёраў у сакавіку
Прафсаюзы Грэцыі дамагліся вяртання грамадскага вяшчальніка
МФЖ/ЕФЖ асуджаюць рэпрэсіўныя дзеянні ў Крыме
Суд Філіпінаў знайшоў парушэнні ў законе аб кібер-злачыннасці
НДА хадайнічаюць аб вызваленні Мазэна Дарвіша
Калумбія зняла абвінавачанні з журналіста пасля сямі гадоў следства
У Пакістане раскрыта справа аб забойстве журналіста
********************
Прафсаюзы Грэцыі дамагліся вяртання грамадскага вяшчальніка
Як паведамляе МФЖ / ЕФЖ, грэчаскія ўлады плануюць зноў запусціць працу грамадскага вяшчальніка ERT; пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Алексіс Цыпрас. Канал ERT быў зачынены ў чэрвені 2013, у межах праграмы жорсткай эканоміі; пры гэтым без працы засталіся 2700 штатных журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Урад абяцае захаваць усе працоўныя кантракты, якія дзейнічалі да закрыцця, аднак прафсаюзы яшчэ гавораць пра неабходнасць пераглядзець працоўныя ўмовы.
МФЖ/ЕФЖ асуджаюць рэпрэсіўныя дзеянні ў Крыме
МФЖ/ЕФЖ абураны 6-гадзінным допытам журналісткі Наталлі Какорынай, які адбыўся 13 сакавіка ў Крыме. Журналістка праходзіць сведкай у справе яе калегі Ганны Андрыеўскай. Абедзьве працуюць у Цэнтры журналісцкіх раследванняў, які да анэксіі Крыма знаходзіўся ў Сімферопалі. Цяпер Андрыеўская знаходзіцца ў Кіеве, але ў Сімферопалі засталася яе сям’я. Андрыеўскую абвінавачваюць ў антыдзяржаўных дзеяннях, пагражаюць пяццю гадамі турмы за артыкул на сайце ЦЖР у снежні 2014 года. “ЕФЖ заклікае ФСБ Расіі спыніць наступ на незалежных журналістаў у Крыме”, - кажа Рыкарда Гут’ерэс, генеральны сакратар ЕФЖ. “За апошні год, многія журналісты, што асвятляюць Крым, зазналі пераслед, напады і затрыманні. Мясцовыя ўлады спрабуюць ператварыць Крымскі паўвостраў у інфармацыйную чорную дзірку”.
Суд Філіпінаў знайшоў парушэнні ў законе аб кібер-злачыннасці
18 лютага Вярхоўны суд Філіпінаў прызнаў шматлікія палажэнні закона аб прадухіленні кібер-злачыннасці несумяшчальнымі з Канстытуцыяй. Неканстытуцыйнымі былі прызнаны палажэнні пра непажаданыя камерцыйныя паведамленні, збор дадзеных аб трафіку ў рэальным часе і блакіроўка сайтаў, што парушаюць дадзены закон; таксама садзейнічанне ці спроба здзейсніць злачынства праз электронныя сеткі і адказнасць па некаторых відах злачынства (напрыклад паклёп і дзіцячая парнаграфія), адказнасць за якія ўжо прадугледжана іншымі законамі. Разам з тым, дадзены закон не толькі не адмяніў адказнасць за паклёп, але і павысіў тэрміны пакарання з як мінімум 6 месяцаў да 6 гадоў. Прытым што ў 2011 годзе Савет па правах чалавека ААН папрасіў Філіпіны пераглядзець палажэнні аб паклёпе і адмяніць пакаранне ў выглядзе зняволення. Такім чынам, дадзенае рашэнне Вярхоўнага суда Філіпінаў можа разглядацца як частковая перамога свабоды выказвання, але артыкулы аб паклёпе па-ранейшаму застаюцца сур’ёзным абмежаваннем.
НДА хадайнічаюць аб вызваленні Мазэна Дарвіша
“Міжнародны інстытут прэсы” і сетка IFEX падпісалі зварот да Башара Асада з заклікам вызваліць Мазэна Дарвіша, кіраўніка Сірыйскага цэнтра СМІ і свабоды слова. Мазэн Дарвіш знаходзіцца ў турме з лютага 2012 года, абвінавачанні (прапаганда тэрарыстычных актаў) былі прад’яўлены толькі ў сакавіку 2014 года. Для асуджаных па антытэрарыстычным законе ў чэрвені 2014 года прайшла амністыя, але Дарвіш застаўся ў турме. У звароце згадваецца дзейнасць Цэнтра СМІ, які займаўся рэгулярным інфармаваннем пра парушэнні свабоды слова і правоў журналістаў, збіраў і публікаваў інфармацыю пра знікненні блогераў, медыйных персонаў, прасоўваў рэформы заканадаўства. “Міжнародны інстытут прэсы” назваў Мазэна Дарвіша героем свабоды слова 2015.
Калумбія зняла абвінавачанні з журналіста пасля сямі гадоў следства
Пасля сямі гадоў следства Калумбія зняла абвінавачанні з рэпарцёра Уільяма Парра, якога падазравалі ў дапамозе Рэвалюцыйным узброеным сілам Калумбіі (FARC). Парра абвінавацілі ў маніпуляцыі і саўдзеле на падставе інтэрв’ю з капітанам, што было праведзена, пакуль той быў ў закладніках у паўстанцаў. З 2007 года журналіст жыве ў Венесуэле. “Рэпарцёры без межаў” заклікаюць улады кампенсаваць выдаткі на адвакатаў і маральны ўрон. Парра сцвярджае, што хацеў бы вярнуцца ў Калумбію, але не ўпэўнены, што для гэтага створаны спрыяльныя ўмовы.
У Пакістане раскрыта справа аб забойстве журналіста
У Пакістане былі злоўлены забойцы журналіста Валі Хан Бабара, застрэленага 13 студзеня 2011 па дарозе з працы дадому. МФЖ паведамляе, што асуджаных злавілі падчас рэйда на галоўны офіс Руху Мутахіда Каўмі, буйнейшай апазіцынай секулярысцкай партыі. Файзал Мехмуд і Камран былі асуджаны за забойства журналіста завочна 1 сакавіка 2014 года, прысуджаны да смяротнага пакарання. Яшчэ некалькім саўдзельнікам далі пажыццёвае зняволенне, аднаго адпусцілі з-за недахопу доказаў. За час следства былі забіты дзевяць сведак, у тым ліку паліцэйскія і пракурор. Гэта толькі другі выпадак у Пакістане, калі забойцы журналіста прыцягнуты да адказу. Гэта справа стала прыкладам “шырокага супрацоўніцтва судоў, паліцыі, грамадзянскай супольнасці, СМІ і ўладаў”.