Юрась Карманаў: “Расійская журналістыка ператвараецца ў зброю дзяржавы”
Вярнуўшыся ў Мінск пасля чарговай двухтыдневай камандзіроўкі ў Данецк і Славянск, карэспандэнт “Associated Press”, сябра праўлення ГА “БАЖ” Юрась Карманаў падзяліўся ўражаннямі ад убачанага і перажытага.
Нягледзячы на некалькі рэальна небяспечных для жыцця сітуацый, самае моцнае ўражанне ў яго пакінулі рэпартажы расійскіх журналістаў з тых месцаў, дзе ён з невялікімі перапынкамі знаходзіцца ўжо на працягу некалькіх месяцаў.
БАЖ: Рэпартаж пра “распятага” ў Славянску хлопчыка дагэтуль абмяркоўваецца ў журналісцкіх колах. Як такое магло пайсці ў эфір?
Ю.К.: Спаткаць людзей, якія могуць вярзці лухту ў камеру, канешне, можна ў любой кропцы свету, бо паўсюль ёсць вар’яты і псіхічна хворыя людзі. Але праца журналіста і палягае ў тым, каб верыфікаваць пачутае, правяраць яго адпаведнасць рэчаіснасці.
Я нават не дапускаю думкі, што ў “Першага канала” з яго каласальнымі людскімі і фінансавымі рэсурсамі не было магчымасці спраўдзіць гэтыя факты. Ды яны і не маглі быць пацверджаныя, бо гэта – трызненне ў жанры “фрык-шоу”. Аднак яно абсалютна запатрабаванае на расійскіх каналах – на “Першым”, на “РТР”... Значыць, гэта робіцца зусім з іншымі мэтамі. З якімі – трэба запытаць у расійскага кіраўніцтва, якое пачало лічыць журналістаў і журналістыку проста сваёй інфармацыйнай зброяй. Таму і расійскія журналісты паводзяць сябе як байцы інфармацыйнага фронту.
Акрамя распаўсюду, мякка кажучы, непраўдзівай інфармацыі, яны прыязджаюць у зону канфлікту праз так званыя “дзіркі ў мяжы”. Мы ведаем, што праз Ізварына, праз іншыя КПП расійская тэхніка прарываецца з Расіі ва Украіну. Дык вось, напрыклад, забіты журналіст “Першага канала” не меў адзнакі ў пашпарце, што ён прыехаў на тэрыторыю Украіны. Гэта значыць, ён перасёк мяжу нелегальна.
Журналісты фактычна бяруць удзел у ваенных дзеяннях на адным з бакоў канфлікту: яны суправаджаюць сепаратыстаў, разам з імі ездзяць, асвятляюць іх дзейнасць. Калі ўкраінская ўлада не ведае, што там знаходзяцца журналісты, бо яны афіцыйна не перасякалі мяжу, калі яны не акрэдытаваліся ў зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі (далей – АТА – заўв. рэд.), калі яны суправаджаюць людзей у форме, то вельмі цяжка зразумець, хто гэта...
Дарэчы, што мяне ўразіла – як толькі сепаратысты сышлі са Славянска, адтуль жа сышлі і расійскія журналісты. Пра тое, як туды прыйшлі ўкраінскія войскі, як яны пачалі раздаваць хлеб, ваду, гуманітарную дапамогу – пра гэта мы ніколі не даведаемся з расійскіх крыніц. Хаця нішто не замінала ім застацца ў горадзе і паглядзець на гэтыя “катаванні” на ўласныя вочы. Яшчэ раз кажу – расійская журналістыка перастае быць журналістыкай і проста ператвараецца ў зброю дзяржавы.
“Славянск у месцах, дзе былі сепаратысты, шмат дзе замініраваны. Трэба быць вельмі асцярожным. На ўездзе ў Славянск з боку Краматорска стаяць падбітыя танкі і БТР-ы, у якіх бачныя чалавечыя парэшткі. А побач – міны. Фатограф увесь час казаў: “Асцярожна, асцярожна, на наступі!..”
БАЖ: І ўсё ж пэўны час вы знаходзіліся на адной тэрыторыі – і супрацоўнікі “заходніх” агенцтваў, і расійскія журналісты. Напэўна ж, пра нешта гутарылі, калі сустракаліся?
Ю.К.: “Reuters”, “Associated Press”, “France Presse”, буйныя газеты імкнуцца мець дзве акрэдытацыі – і Данецкай народнай рэспублікі, і АТА. У мяне, напрыклад, было дзве: я доўга чакаў ад Службы бяспекі Украіны акрэдытацыі АТА і ўрэшце змог спакойна перасякаць мяжу. Расійскія журналісты працуюць толькі з аднаго боку. Ды яны і паводзяць сябе як прадстаўнікі аднаго з варагуючых бакоў. Яны задаюць не пытанні, а каментары падтрымкі сепаратыстаў – і ў эфіры, і ў размовах...
Што да тых жудасных “фактаў” – пра радыёактыўны попел, пра “распятага” трохгадовага дзіцёнка, пра продаж органаў на Захад – нават цяжка гэта каментаваць. Цяжка ўявіць, што чыясьці хворая фантазія можа такое спарадзіць. Тым больш цяжка ўявіць, што гэта ідзе ў эфір расійскіх тэлеканалаў...
Пра што можна размаўляць з такімі людзьмі? Казаць ім пра прафесію? Як сведчыць допыт журналістаў “Life News”, яны едуць туды абсалютна зарыентаваныя і маральна гатовыя да хлусні.
Яшчэ больш прыкра тое, што расійскія палітыкі, пазбаўляючы гледачоў і слухачоў аб’ектыўнай інфармацыі, пазбаўляюцца яе і самі, і ў выніку пачынаюць рэтрансляваць тую ж хлусню. Атрымлівацца бясконцы шэраг “крывых люстэркаў”.
БАЖ: Якія цяпер умовы працы журналістаў у зоне канфлікту? Ці ёсць там што есці, дзе спаць, як перасоўвацца?
Ю.К.: Мы жылі ў Данецку. У нас кіроўца – малайчына, ён нас вазіў увесь час. Да Славянска ехаць паўтары – дзве гадзіны. Ты выязджаеш з зоны, якую кантралююць сепаратысты, і яны даглядаюць твой аўтамабіль. Потым ты ўязджаеш у зону, якую кантралююць украінскія вайскоўцы, якія таксама цябе даглядаюць. Але прамежак паміж імі нікім не кантралюецца, і там даволі часта ідуць абстрэлы. Вось тут ніколі не ведаеш, што можа здарыцца, і ўвесь час рызыкуеш.
Канечне, бронекамізэлька і каска ёсць, але яны не заўсёды могуць уратаваць. Напрыклад, аднаго разу, калі мы ехалі ў Славянск, проста перад намі сепаратысты ўзарвалі чыгуначны мост, які ўпаў на дарогу за пяць хвілін да нашага прыезду. Па ім ехалі вагоны з цыстэрнамі, якія проста правіслі на месцы выбуху...
Узарваны мост па дарозе ў Славянск
Гэта і кепска, і добра. Бо фотаздымкі майго калегі Дзмітрыя Лавецкага трапілі на першую паласу «The New York Times». Гэта была вялікая журналісцкая ўдача, бо мы ў гэты дзень акурат пісалі гісторыю пра тое, што пачалася партызанская вайна. Але з чалавечага гледзішча гэта, канешне, было небсяпечна. Але засцерагчыся ад гэтага проста немагчыма – проста гэта месца, дзе страляюць.
“Усё ж такі гумар – вялікая рэч. Мы з Лавецкім спрабавалі жартаваць. Ён кажа: “Нешта не хочацца працаваць...” А я яму: “Гэта ты пад уздзеяннем радыёактыўнага попелу!”
Коментарии: