Журналістаў “Свабоды”, “Бі-Бі-Сі” і некаторых іншых СМІ не акрэдытавалі на чэмпіянат
Разам з тым, калегі кажуць пра наяўнасць на хакейных трыбунах студэнтаў БДУ з журналісцкай акрэдытацыяй.
Як стала вядома прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Міжнародная хакейная федэрацыя не акрэдытавала на чэмпіянат свету ў Мінску журналістаў “Радыё Свабода” і “Бі-Бі-Сі”.
Па словах карэспандэнткі “Бі-Бі-Сі” ў Мінску Таццяны Мельнічук, яна своечасова выканала ўсе фармальнасці і звярнулася па акрэдытацыю яшчэ 24 студзеня. Аднак у пачатку мая журналістцы паведамілі, што ёй у акрэдытацыі адмоўлена. Арганізатары з беларускага боку акцэнтавалі ўвагу на тым, што рашэнне прымалася на ўзроўні МХФ.
– У студзені праз сайт Міжнароднай хакейнай федэрацыі я накіравала заяўку на акрэдытацыю, пра што атрымала пацверджанне. У маі я патэлефанавала ў Дырэкцыю па правядзенні чэмпіянату, дзе ў мяне папрасілі прабачэння і паведамілі пра адмову ў акрэдытацыі.
Прыкладна гэтак жа выглядала сітуацыя з “Радыё Свабода”. Па словах дырэктара Беларускай службы радыёстанцыі Аляксандра Лукашука, свабодаўцы загадзя накіравалі ўсе неабходныя дакументы, але за два тыдні да чэмпіянату атрымалі ад Міжнароднай хакейнай федэрацыі адмову.
– Усе дакументы былі скіраваныя. Мы доўга чакалі адказу, але за два тыдні да чэмпіянату нам паведамілі пра адмову на падставе таго, што МХФ аддае перавагу спартовым выданням.
Па інфармацыі калег, адмову ў акрэдытацыі атрымалі таксама журналісты "Еўрарадыё" і карэспандэнцкага пункту "НТВ".
Разам з тым, па інфармацыі саміх спартовых журналістаў, на трыбунах хакейнага чэмпіянату з міжнароднымі акрэдытацыямі былі заўважаныя нават студэнты БДУ, якія наогул не прадстаўляюць ніякіх СМІ.
Хоць прэсавы сакратар Чэмпіянату свету па хакеі Арсеній Якавенка называе падобную інфармацыю абсалютнай няпраўдай. Па словах Якавенкі, акрэдытацыю на чэмпіянат праводзіла толькі МХФ, спецыялісты якой вельмі ўважліва праглядалі кожную заяўку на акрэдытацыю журналістаў, і выпадковасцяў у гэтай справе быць не можа.