Рэдактара "Паходні" затрымалі другі раз за 2 тыдні
28 лютага, міліцэйскі нарад з Бялынічаў другі раз за апошнія 2 тыдні затрымаў жыхара вёскі Машчаніца, вядомага ў раёне грамадскага актывіста і рэдактара маланакладнай незарэгістраванай газеты "Паходня" Барыса Вырвіча.
Раніцай 28 лютага, пасля дастаўкі Барыса Вырвіча ў райаддзел міліцыі, на яго быў складзены пратакол аб адміністратыўным парушэнні за тое, што ён нібыта "лаяўся матам і пагражаў". Аднак суддзя Бялыніцкага суда Уладзімір Гуз адмовіўся разглядаць гэтую справу, і Б. Вырвіча адпусцілі.
Два тыдні таму папераджальную гутарку з ім у міліцэйскім кабінеце правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Ільянаў. Кіраўнік раённай вертыкалі ўбачыў у газеце (якая на пачатку года аднавіла свой выхад пасля вялікага перапынку) пагрозу "дэстабілізацыі абстаноўкі ў раёне напярэдадні выбараў".
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"