Узбуджана крымінальная справа па факце публікацыі карыкатур у газеце "Згода"


Па факце публікацыі ў газеце "Згода" карыкатур на прарока Мухаммеда ўзбуджана крымінальная справа. У рэдакцыі газеты 22 лютага праведзены ператрус, канфіскавана ўсё абсталяванне і фінансавыя дакументы газеты, - паведаміў БелаПАН. У якасці сведак па справе дапытаныя галоўны рэдактар выдання Аляксей Кароль і намеснік рэдактара газеты Аляксандр Здвіжкоў.

Па словах А. Здвіжкова, крымінальная справа заведзеная па выніках праверкі, праведзенай Пракуратурай РБ і КДБ. Праверка праводзілася на падставе звароту ў праваахоўныя органы Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і мусульманскіх супольнасцяў Беларусі. Справа ўзбуджаная па ч. 1 арт. 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці), якая прадугледжвае штраф альбо арышт на тэрмін да 6 месяцаў, альбо абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.
Як паведаміў БелаПАН А. Здвіжкоў, 22 лютага ў КДБ з ім больш за гадзіну размаўляў следчы Іван Ярафееў. Паколькі з журналіста ўзялі падпіску пра неразгалошванне матэрыялаў следства, ён не змог распавесці, пра што вялася гутарка. Але сп. Здвіжкоў пацвярджае, што без згоды галоўнага рэдактара газеты падрыхтаваў і размясціў матэрыял, які стаўся прычынай скандалу. "На мой погляд, я апублікаваў карыкатуру не на прарока Мухаммеда, а на ісламскіх тэрарыстаў. Я абсалютна ўпэўнены, што ўвесь гэты "карыкатурны скандал" справакаваны ісламскім тэрарызмам", - заявіў А.Здвіжкоў.
Па словах намесніка рэдактара, падпіску пра нявыезд з яго не ўзялі, аднак настойліва рэкамендавалі нікуды не з'язджаць.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"