Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача будуць судзіць 9 і 10 ліпеня


На Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача склалі пратаколы за парушэнне артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над Таццянай прызначаны на 9-га ліпеня, над Змітром – на 10-га ліпеня.

Абодва судовыя працэсы распачнуцца ў 10.00 у Глыбоцкім райсудзе.

– Старшы інспектар Вячаслаў Барыла папярэдзіў, што гэтая дата прыблізная, і што са мной яшчэ дадаткова звяжуцца супрацоўнікі суду. Але жыццё паказвае, што суд і міліцыя працуюць у згодзе, і зменаў чакаць, я думаю, не выпадае. Падчас складання пратаколу я сказала, што адмаўляюся адказваць на пытанні, бо 27 артыкул Канстытуцыі дазваляе на сведчыць супраць самой сябе. А ў судзе гатовая паўтарыць, што Канстытуцыя дае права кожнаму грамадзяніну як здабываць інфармацыю, так і дзяліцца ёй  з іншымі", – сказала ГА “БАЖ” Тацяна Смоткіна.

Супраць Таццяны  распачатая адміністрацыйная справа за выраб матэрыялу “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўным", размешчанага 9 чэрвеня на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча). 

Паводле матэрыялаў справы, яе ініцыявала Глыбоцкая пракуратура, даручыўшы міліцыі спраўдзіць, ці мае журналістка акрэдытацыі ад замежнага СМІ і ці з'яўляецца яе журналісцкая дзейнасць правапарушэннем. Міліцыя адказала на гэтае пытанне станоўча, падрыхтаваўшы справу супраць журналісткі для перадачы ў суд.

Яе калегу Змітра Лупача вінавацяць паводле таго ж артыкула 22.9 КаАП за артыкул "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 года", размешчаным на сайце "Еўрарадыё". Пратакол пра правапарушэнне на яго склаў таксама старшы інспектар Вячаслаў Барыла.

– У маёй справе есць  раздрукоўка тэксту з інтэрнэт-сайта без пазначэння аўтарства, а таксама ксеракопію з газеты “Вольнае Глыбокае”, дзе пад артыкулам стаіць маё прозвішча. На думку супрацоўніка міліцыянта, аўтарства артыкула ў газеце з'яўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Сутнасць правапарушэння ў пратаколе ён сфармуляваў так: маўляў, я размясціў гэты матэрыял у кампутарнай сетцы інтэрнэт, – кажа журналіст.

Нагадаем, што пераслед незалежных журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі сёлета займеў ужо маштабы кампаніі.

Суддзі паводле міліцэйскіх пратаколаў ужо 21 раз судзілі журналістаў з розных рэгіёнаў краіны, а агульная сума штрафаў ужо перавысіла 100 мільёнаў рублёў.

На дадзены момант адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 22.9 КаАП распачатыя супраць нашых калег Алеся Леўчука, Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача.