Старшыня Магілёўскага аблсавета прызнаў, што адмысловыя заяўкі для прысутнасці на сесіях аблсавета не прадугледжаны


Уладзімір Лапцэвіч атрымаў адказ з Магілёўскага аблсавета на свой чарговы зварот да яго старшыні. Старшыня савета Анатоль Ісачанка вымушаны быў прызнаць, што “нарматыўнымі прававымі актамі форма зваротаў журналіста для прысутнасці на пасяджэннях сесіі і парадак іх разгляду не ўстаноўлены”.

Звярнуцца ў чарговы раз да Анатоля Ісачанкі карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН вырашыў пасля тэлефоннай размовы са старшынём аблсавета. Падчас размовы Лапцэвіч зноў заявіў аб сваім жаданні прысутнічаць на сесіях аблсавета, на што Ісачанка адказаў: “калі б Вы сапраўды жадалі прысутнічаць на сесіі, Вы б звярнуліся да нас і мы б падрыхтавалі адказ”.

Пасля гэтай размовы журналіст накіраваў ліст у аблсавет з просьбай растлумачыць, якімі прававымі актамі абумоўліваецца неабходнасць звароту журналіста СМІ, жадаючага прысутнічаць на адкрытым пасяджэнні сесіі аблсавета, да кіраўніцтва Савета. Таксама Лапцэвіч звярнуўся з просьбай прыкласці да адказу на яго зварот адпаведныя ўзоры зваротаў і прыклады іх разгляду.

Ужо больш за год карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе патрапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў, аднак яму адмаўлялі ў гэтым, спасылаючыся на адсутнасць у спісе запрошаных. Раней журналіст асвятляў найбольш важныя падзеі ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах жыцця Магілёўскай вобласці, у тым ліку з сесій Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, баз усялякіх нараканняў з боку чыноўнікаў ці дэпутатаў.

У маі Лапцэвіч атрымаў ліст ад старшыні аблсавета. Той выказаў спадзяванне на канструктыўны характар супрацоўніцтва і прапанаваў журналісту загадзя інфармаваць апарат аблсавета аб планах наведаць тыя ці іншыя мерапрыемствы.

Аднак пасля таго, як напрыканцы мая па скарзе журналіста за непрадастаўленне Кнігі скаргаў пакаралі штрафам галоўнага спецыяліста аблсавета, вялікага жадання “канструктыўна супрацоўнічаць” у чыноўнікаў з аблсавета не назіраецца.

 

Магілеў: Па скарзе журналіста чыноўніка аштрафавалі

Дзевяць крокаў Уладзіміра Лапцэвіча