Магілёў: Міліцыянт цікавіўся сувяззю мясцовага актывіста з сайтам «Наш Магілёў»


Чалавека ў форме цікавіла сувязь мясцовага грамадскага актывіста Антона Касцова з гарадскім сайтам «Наш Магілёў».

Антон Касцоў.

– Хутчэй за ўсё, гэта быў участковы, – кажа мясцовы актывіст. – Супрацоўнік міліцыі не прадставіўся і дакументаў ніякіх не прад'яўляў. Спытаў толькі, ці пісаў я артыкулы для «Нашага Магілёва», асабліва пытаў пра скандальны матэрыял пра дырэктара ААТ «Стужка», які нібыта прайграў акцыі прадпрыемства ў казіно. Я яму шчыра адказаў, што ніякага дачынення да гэтага матэрыялу не маю і наогул не ўваходжу ў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Адзінае, што некалькі маіх здымкаў выкарыстоўваліся на гэтым сайце, але на іх няма нічога крымінальнага – толькі гістарычныя аб'екты Магілёва, – кажа Касцоў.

Па словах Антона Косцова, ніякага пратаколу міліцыянт не вёў.

Матэрыял «Дырэктар ААТ «Стужка» прайграў у казіно кватэру і акцыі прадпрыемства» з'явіўся на сайце «Наш Магілёў» у студзені 2015 года, а 12 сакавіка да рэдактара сайта Ігара Барысава прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з ператрусам. Яны паведамілі, што супраць яго заведзена крымінальная справа па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса за паклёп. Тады ў журналіста забралі на экспертызу тры кампутары і нататнік. На дадзены момант артыкул на сайце «Наш Магілёў» недаступны.