Зміцер Галко – лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай у катэгорыі “Журналістыка”
Уручэнне ганаровай узнагароды адбылося 27 сакавіка ў офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», – паведаміла Радыё “Свабода”.
У катэгорыі «Журналістыка» першае месца заняў карэспандэнт газеты «Новы час», сябра ГА “БАЖ” Зміцер Галко – аўтар шэрагу рэпартажаў з гарачых кропак Украіны. Нагадаем, што гэты ж журналіст атрымаў прэмію “Рыцар года: з узнятым забралам” грамадскага руху імя Юрыя Захаранкі “Абаронцы Айчыны” за 2014 год.
У катэгорыі “Аналітыка” перамог аглядальнік Радыё “Свабода” Юрый Дракахруст, у катэгорыі “Надзея” – каардынатар грамадскай ініцыятывы “Альтэрнатыва” Алег Корбан, у катэгорыі “Задума года” – дабрачынная крама KaliLaska.
Прэмія імя Святланы Навумавай прызначаецца за крэатыўнасць і глыбіню даследавання палітычнага жыцця краіны, актыўнасць і неабыякавасць у грамадскай прасторы.
Прэмія ўручаецца з 2012 года ў трох намінацыях: журналістыка (“За грамадзянскую і маральную пазіцыю”), аналітыка (“За глыбіню думкі і навуковую адказнасць”) і палітычная дзейнасць (“Надзея”, уручаецца маладым палітыкам да 35 гадоў). У 2014 дададзена намінацыя “Сацыяльная інавацыя – задума года”. Права намінавання на прэмію ёсць у кожнага чалавека, палітычнай партыі, грамадскай арганізацыі, рэдакцыі СМІ.
Журы прэміі, якое складаецца з сябраў Рады грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” і лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў, складае шорт-ліст намінантаў (па тры ў кожнай намінацыі). У вызначэнні пераможцаў удзельнічаюць таксама наведнікі сайта конкурса.
Нагадаем, што раней лаўрэатамі прэміі ў намінацыі «Журналістыка» былі Святлана Калінкіна, Андрэй Пачобут і Зміцер Лукашук.
Дмитрий Галко: Если говорить о сторонах военного конфликта, то я только на одной из них