У конкурсе “Вольнае слова” будуць спаборнічаць больш за 200 твораў
Скончыўся прыём матэрыялаў на штогадовы творчы конкурс ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Сёлета ўдзел у ім возьмуць больш за 200 твораў, дасланых сябрамі арганізацыі.
Традыцыйна матэрыялы прымаліся ад сябраў ГА “БАЖ” у пяці намінацыях: “Інфармацыйны матэрыял”, “Аналітычная публікацыя”, “Мастацка-публіцыстычны твор”, “Журналісцкае расследаванне” і “Дэбют”.
Па словах старшыні журы Юрася Карманава, “Вольнае слова” з’яўляецца цудоўнай магчымасцю для журналістаў прадставіць уласныя матэрыялы на суд калегаў, а таксама вылучыць новых аўтарытэтаў у журналісцкай супольнасці.
– За апошні год мы назіралі, як стандарты журналісцкай прафесіі дэвальваваліся ў нашых суседзяў. Для беларускай журналістыкі ў такі час вельмі важна паказаць непахіснасць прафесійных стандартаў. І конкурс “Вольнае слова” – цудоўная магчымасць прадэманстраваць, што беларуская незалежная журналістыка па-ранейшаму ўпэўнена трымаецца галоўнай мэты – шырокага і ўсебаковага інфармавання грамадства пра розныя сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя з’явы і выклікі часу, – гаворыць Юрась Карманаў.
Па словах Юрася Карманава, матэрыялы сёлетняга “Вольнага слова” дэманструюць сур’ёзную шырыню жанраў і тэмаў, да якіх звярталіся беларускія калегі ў мінулым годзе. Цяпер слова за сябрамі журы. Сваё рашэнне яны па традыцыі абвесцяць 3 мая, у Сусветны дзень свабоды прэсы.