Шведскія пісьменнікі распавялі пра літаратуру без табу-тэм


У мінскім музеі імя Петруся Броўкі шведскія пісьменнікі Анэт Розэнгрэн, Катарына Б’ярвал і Генрык Бергрэн правялі з беларускімі калегамі сустрэчу пад назвай "Шведская літаратура нон-фікшн: тэмы і праблемы". Мадэравала сустрэчу Наталля Гардзіенка, старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў СБП.

У краіне, дзе да свабоды слова ставяцца звышсур’ёзна, няма недакранальных тэм для даследчыкаў любой галіны. 

Журналістка Катарына Б’ярвал адзначыла, што ў гэтым сэнсе пагроза для аўтараў у Швецыі ідзе не з боку дзяржавы, а ад радыкальна настроеных грамадзян.

“Асабліва актыўнымі ў гэтым бываюць прыхільнікі ўльтраправых ідэй і радыкальныя ісламісты. Хаця яны супрацьпастаўляюць сябе адно аднаму, але ў іх шмат агульнага: для іх прымальныя гвалт, ахвяры, яны маюць падобныя фобіі. Такія людзі могуць нападаць на пісьменнікаў за іх выказванні. Адзін з аўтараў у Швецыі нават насіў бронекамізэльку”, – распавяла Б’ярвал.

Анэт Розэнгрэн, Катарына Б’ярвал, Генрык Бергрэн.

Анэт Розэнгрэн

Катарына Б’ярвал

Катарына таксама падкрэсліла, што мова варожасці – hate speech – у яе краіне па-за законам:

“Ахвяра пэўнай публікацыі можа звярнуцца ў паліцыю з заявай, тады будзе расследаванне, ці меў тэкст заклікі да варожасці. Калі так, то рэдакцыя мусіць выплаціць штраф. Але дабіцца такога прызнання атрымліваецца рэдка, мне нават цяжка згадаць прыклад. То бок, усё ж гэта складана.

Генрык Бергрэн

Гісторыка і журналіста Генрыка Бергрэна я спытала пра забароненыя тэмы ў дзіцячай літаратуры. Ён адзначыў, што такіх, бадай, няма, але ва ўспрыняцці некаторых тэм шведы адрозніваюцца ад аўтараў Усходняй Еўропы. Журналіст згадаў такі прыклад:

“Ёсць шэраг шведскіх дзіцячых кніг пра Макса. Называюцца яны накшталт "Макс і яго сябры", "Макс і яго ровар" і гэтак далей. Апошняя з серыі – кніга "Макс і яго труна". Калі я быў у маскоўскім выдавецтве, якое перакладае і выдае гэтую серыю ў Расіі, мне сказалі, што вось гэтую апошнюю кнігу яны выдаваць не будуць. Мяркую, гэта з-за рознага гістарычнага досведу ў краінах. У Расіі ён вельмі драматычны. У Швецыі гістарычны досвед не такі драматычны, мы даўно не мелі катаклізмаў і не ўдзельнічалі ў войнах, і таму інакш падыходзім да такой складанай тэмы як смерць. У Расіі пра гэта цяжэй гаварыць". 

Паліна Качаткова і Андрэй Ляхновіч

У межах сустрэчы Генрык таксама распавёў, што ў Швецыі продажы кніг даволі істотна скараціліся за апошні час. Але рэч не ў тым, што чытачы перайшлі на электронныя выданні. Па меркаванні Бергрэна, тут адыграла сваю ролю зніжэнне цікавасці да літаратуры наогул: “Цяпер людзі больш сядзяць праз свае гаджэты ў інтэрнэце, чым чытаюць кнігі”.

Паводле статыстыкі, якую знайшоў пісьменнік, кніжны рынак Беларусі нават крыху большы за шведскі ў колькасці найменаванняў. Жыць са сваёй літаратурнай дзейнасці атрымліваецца толькі ў некаторых шведскіх пісьменнікаў (у той час, як колькасць аўтараў налічваецца сотнямі).

Цікава, што вялікім сегментам кніжнага рынку Бергрэн назваў кнігі па кулінарыі: “Гэта дзіўна, бо ў нас мала хто мае час, каб гатаваць вячэру. Не ведаю, хто іх купляе”.

Сапраўдным бэстсэлерам сярод дакументальных кніг старшыня секцыі нон-фікшн Шведскага саюза пісьменнікаў Анэт Розенгрэн назвала кнігу двух журналістаў, якія апісалі свае 438 дзён у турме Эфіопіі.

Але часцей пісьменнікі нон-фікшн літаратуры Швецыі звяртаюцца да лакальны падзей. Цікавымі замежнаму чытачу тэмамі Розенгрэн назвала пытанні месца жанчыны ў шведскім соцыуме, тэмы грамадскай ізаляцыі і міграцыі, праблемы ЛГБТ супольнасці: "На гэтую тэму ў вас наагул не прынята гаварыць, наколькі я разумею”.

Анэт і сама задала некалькі пытанняў беларускім пісьменнікам. Яе цікавіла, ці наведваюць беларускія аўтары дзеля сваіх даследаванняў іншыя краіны, і ці плануецца якое выданне да чарговай гадавіны выбуху на ЧАЭС.

“У гісторыі Швецыі мала драматызму. Напэўна, таму нашай гістарычнай літаратуры складана зацікавіць чытача. А гісторыя Беларусі насамрэч можа стаць папулярнай”, – адзначыла літаратарка.

Альгерд Бахарэвіч

Па словах Анэт, адзіная беларуская пісьменніца, вядомая ў Швецыі, — гэта Святлана Алексіевіч: “І тое я не магу дакладна сказаць, ці не лічыць большасць яе расейскай аўтаркай”. Таму Розенгрэн падкрэсліла, што ў Швецыі бракуе перакладаў беларускіх твораў і кніг пра Беларусь.

“Нашыя краіны падобныя па плошчы і насельніцтву. Мне падаецца, што яны могуць добра дапаўняць адна адну”, – сказала Анэт.

Сустрэча была арганізаваная Шведскім саюзам пісьменнікаў і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" пры падтрымцы Шведскага Інстытута ў Стакгольме.