Камісія па этыцы БАЖ рагледзіць публікацыю ў “Вечернем Могилёве”
17 лютага Камісія па этыцы ГА “БАЖ” будзе разглядаць зварот групы журналістаў з нагоды публікацыі ў газеце “Вечерний Могилёв”.
Гаворка ідзе пра артыкул “Упершыню ў гісторыі Беларусі пад варту ўзялі транссэксуала” (на дадзены момант публікацыя выдаленая з сайта газеты).
Паводле заяўнікаў, “у тэксце ў абразлівай форме распавядаецца пра жыхара вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна, які зрабіў аперацыю па змене пола”.
Журналісты прыводзяць прыклады абразаў, дапушчаных у тэксце матэрыялу, а таксама лічаць, што ў публікацыі раскрыта медыцынская таямніца. Аўтары звароту просяць даць артыкулу ацэнку “ў адпаведнасці з нормамі журналісцкай прафесіі, нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства”.
Аналагічны па змесце зварот гэтая ж група журналістаў накіроўвала ў Міністэрства інфармацыі, Пракуратуру, а таксама ГА “Беларускі саюз журналістаў” (БСЖ).
Мінінфармацыі ўжо адрэагавала на яго. У адказе за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Матусевіча паведамляецца, што “дастатковыя прававыя падставы для прымянення захадаў адказнасці да ўладальніка сайта ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі адсутнічаюць. Уладальніку сайта “Вечерний Могилёв” указана на неабходнасць ажыццяўлення стараннага кантролю за зместам публікацый”.
Адказ з Мінінфармацыі. Фота gaypress.eu
Між тым, стала вядома, што ў дачыненні да суддзі, які паведаміў газеце пра факт змены полу падсудным, праводзіцца дысцыплінарная праверка, “па выніках якой будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка”. Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суда РБ Валянцін Сукала ў інтэрв’ю “СБ. Беларусь сегодня”.
На гэтую ж тэму:
«Вечерний Могилев» убрал с сайта все статьи про секс-меньшинства