Юрыст БАЖ: Адмаўляючы ў інфармацыі, дзяржаўныя ведамствы парушаюць правы і журналістаў, і чытачоў


Юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў каментуе вынікі чарговага апытання калег адносна адкрытасці для СМІ дзяржаўных органаў улады.

– Вынікі апытання журналістаў цэнтральных СМІ і акрэдытаваных карэспандэнтаў замежных выданняў, праведзенага ГА “БАЖ”, цалкам адпавядаюць і ацэнкам праваабарончых арганізацый. Праблема закрытасці многіх дзяржаўных органаў улады насамрэч стаіць вельмі востра.

Права журналіста на атрыманне інфармацыі, не забароненай для распаўсюду, гарантавана законам “Аб СМІ” і многімі іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на гэта, многія органы ўлады гэтае права дазваляюць сабе парушаць, не адказваючы на пытанні, не прадастаўляючы тыя ці іншыя звесткі, вельмі важныя для грамадства.

І тут варта памятаць, што ў такім выпадку чыноўнікі парушаюць не толькі правы журналістаў, але і правы спажыўцоў інфармацыі – чытачоў, слухачоў і гледачоў – правы ўсяго грамадства.

Змагацца з гэтым неабходна і можна – праз частае ўзгадванне праблемы, праз афіцыйныя звароты, прыцягненне ўвагі грамадства. Бо менавіта для ўсяго грамадства важна, каб улада дзялілася неабходнай і дакладнай адкрытай інфармацыяй, – гаворыць Алег Агееў.

На гэтую ж тэму:

Самыя закрытыя дзяржаўныя ўстановы: Мінінфармацыі, Мінздароўя, Мінпрацы і раённыя суды Мінска