“Ва Украіне магло б быць як у Беларусі, але Януковіч паспяшаўся”
Канферэнцыя “Медыяландшафт у краінах Усходняга партнёрства: вынікі і перспектывы” адбываецца 9 лютага ў Кіеве. Беларусь на форуме прэзентуюць старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна, намеснік старшыні Андрэй Бастунец і сябра праўлення арганізацыі Міхась Янчук.
Канферэнцыя мае падвесці вынік двухгадовага праекта маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне.
За два гады змянілася шмат, але не ў Беларусі
За ўвесь час рэалізацыі праекта Беларусь ніводнага разу не пакінула апошняй пазіцыі ў рэйтынгу, які складаўся на падставе апытанняў 10 экспертаў у кожнай краіне. Рэкамендацыі, выпрацаваныя ў працэсе аналізу сітуацыі, ніяк не ўлічаныя беларускімі ўладамі.
У апошні час дыстанцыя паміж нашай краінай і Азербайджанам, які стабільна займае перадапошняе месца, скарацілася. Але не за кошт паляпшэння сітуацыі ў Беларусі, а за кошт яе пагаршэння ў Азербайджане. Арменія стабільна займае чацвёртую пазіцыю, Украіна – трэцюю, дэманструючы прагрэс, а другое і першае месцы пазменна займалі Малдова і Грузія. Цяпер лідарства трымае Грузія.
“Наш праект пачаўся ў адных геапалітычных умовах, а скончыўся ў іншых”, – адзначыў кіраўнік Ерэванскага прэс-клуба і адзін з ідэолагаў праекта Барыс Навасардзян.
“У 2013 годзе свет ахапілі глабальныя змены. І задача СМІ – дапамагчы памяняцца і нам, і свету навокал нас”, – лічыць Канстанцін Квурт, старшыня праўлення “Інтэрньюз-Украіна", – арганізацыі, якая каардынуе маніторынг.
Андрыс Кестэрыс, дарадца па пытаннях грамадзянскай супольнасці і медыя ў Еўракамісіі, адзначыў каштоўнасць даследаванняў, што праводзіліся ў часе праекту. “Вельмі важна, каб усе заўважаныя недахопы былі ператвораныя ў палітычныя дзеянні і канкрэтныя крокі дзеля паляпшэння сітуацыі”, – заўважыў ён.
Залішні аптымізм шкодзіць справе
Нават лідары рэйтынгаў – Малдова і Грузія – казалі пра небяспеку залішняга аптымізму і даверу ўладам, якія абяцаюць перамены ў сферы свабоды СМІ. Без пакрокавага кантролю з боку грамадскасці іх дзеянні рэдка вядуць да рэальных паляпшэнняў. “Нават тое, што Грузія на першым месцы, не значыць, што ў нас усё добра. Проста ў іншых горш”, – заўважыла Манана Яхуа з журналісцкай асацыяцыі “Зялёная хваля” (Грузія).
“А прыклад Азербайджана яскрава паказвае, што бывае, калі еўрапейскія інстытуты прабачаюць пэўным краінам свавольства”, – заўважыў кіраўнік Журналісцкай асацыяцыі Азербайджана “Ені несіл” Арыф Аліеў. Па яго словах, сёння толькі 2-3% медыярынку яго краіны належаць незалежным СМІ, а ў турмах сядзіць больш за дзясятак журналістаў і блогераў. “Калі раней Азербайджан вонкава пагаджаўся з пазіцыяй ЕС, а потым стараўся зацягнуць працэс рэфармавання, то сёння ўлады адкрыта кажуць, што “ў нас свой падыход”, “грамадства не гатовае” і г.д.”, – кажа азербайджанскі журналіст.
Украіна: Існуе гіганцкі попыт на новую краіну і новыя СМІ
Канстанцін Квурт з «Інтэрньюз-Украіна» назваў тры асноўных выклікі ўкраінскім медыям. Першы – агрэсіўная інфармацыйная палітыка Расіі і вялікая колькасць расійскіх грамадзян на адказных пасадах у СМІ. Яшчэ адным выклікам, на яго думку, з’яўляецца неадэкватнасць украінскіх палітычных элітаў новай сітуацыі ў краіне. “Пагаджальніцтва, кампрамісы, неправедзеная люстрацыя, засмечанасць агентамі спецслужбаў – усё гэта прыводзіць да праблем ў СМІ, – кажа К. Квурт. – Следства гэтага – невыкананне нашымі СМІ функцыі правадніка паміж істэблішментам і грамадствам.
“Цяпер, пасля рэвалюцыі годнасці, існуе гіганцкі грамадскі попыт на новую краіну і новыя СМІ. Тыя, хто зможа перамяніцца ў адпаведнасці з гэтымі запытамі, – выжывуць”, – лічыць эксперт.
“Слухаючы пра пераслед журналістаў у Беларусі, я падумаў, што ў нас тое ж самае магло б быць, – кажа Сяргей Лешчанка, былы журналіст “Украінскай праўды”, а цяпер дэпутат Вярхоўнай рады і старшыня камітэта па супрацьдзеянні карупцыі. – Проста, у адрозненні ад Лукашэнкі, Януковіч будаваў свой рэжым хутка. Ён хацеў пераскочыць гэтае прадонне ў адзін скачок, і таму для яго ўсё скончылася сумна”.
Па словах Лешчанкі, пасля змены ўлады адбылося шмат пераменаў, у тым ліку і звязаных са свабодай слова. З аднаго боку, гвалт у дачыненні да журналістаў стаў ледзве не нормай, але ўзброены канфлікт без гэтага немагчымы.
Але ёсць і шмат пазітыўных зменаў. Напрыклад, празрыстасць працы парламента: цяпер кожны грамадзянін, запісаўшыся, можа прысутнічаць на яго пасяджэннях.
Абмяркоўваецца план стварэння паўнавартаснага эфірнага грамадскага тэлебачання – як супрацьвагі тэлеканалам, падпарадкаваным алігархічным кланам. Вельмі добрую дынаміку паказвае Украіна ў развіцці незалежнага інтэрнэт-тэлебачання.
З насцярожанасцю ўспрымае дэпутат стварэнне Міністэрства інфармацыйнай палітыкі. “Прапагандысцкая вайна з боку Расіі прымушае ўлады рэагаваць пэўным чынам. Але нельга змагацца з прапагандай пры дапамозе прапаганды – толькі аб’ектыўнай інфармацый. Акрамя таго, рэсурсы расійскай прапаганды – неабмежаваныя. А ў нас скарачаюць выдаткі на ўсе міністэрствы, але ўводзяць яшчэ адно. Гэта нерацыянальна. Да таго ж, гэта – небяспечны інструмент у руках улады. Заўтра сітуацыя можа змяніцца, а міністэрства ўжо створанае”.
Беларусь: хранічныя хваробы і няздольнасць супрацьстаяць новым выклікам
Эксперты, якія аналізавалі сітуацыю ў Беларусі, прыйшлі да высновы, што апошняе месца ў рэйтынгу шмат у чым тлумачыцца хранічна рэпрэсіўным заканадаўствам у галіне свабоды выказвання, – адзначыла ў сваім выступе Жанна Літвіна.
У першую чаргу гэта – крымінальныя артыкулы за дыфамацыю, за дыскрэдытацыю РБ, за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, закон аб дзяржаўных сакрэтах, закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, вераломна прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ.
Усе больш адчувальнай «болевай кропкай» робіцца неабароненасць журналістаў-фрылансераў.
«Акрамя таго, бліжэйшая прэзідэнцкая кампанія ў нашай краіне будзе праходзіць ва ўмовах расійска-украінскага канфлікту. Беларусь на сабе вельмі востра адчула, што такое агрэсіўная расійская прапагандысцкая машына. Дзяржаўныя СМІ не ў стане аператыўна рэагаваць на яе выпады, не ў стане фармуляваць пазіцыю сваёй краіны”, – адзначыла старшыня ГА “БАЖ”.
Праблема барацьбы з прапагандай перакрочыла межы асобнай дзяржавы, таму краінам Усходняга партнёрства вельмі важна мець адзіную пазіцыю па адмежаванні ад “байцоў інфармацыйных войнаў” і кансалідацыі вакол стандартаў прафесіі, – лічыць Жанна Літвіна.
Тэме працы СМІ ва ўмовах расійска-украінскага канфлікту будзе прысвечана асобная сесія на канферэнцыі 9 лютага.