Ігар Логвінаў просіць у грамадскасці дапамогі ў выплаце штрафу (прэс-канферэнцыя)
Па словах бізнесоўца, кнігарня з новымі ўладальнікамі працягне працаваць на ранейшым месцы, але само прадпрыемства павінна будзе прайсці працэдуру банкруцтва. Заснавальніку пагражае вопіс маёмасці і крымінальная справа.
Каб гэтага не адбылося Ігар Логвінаў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч і Валянцін Акудовіч звярнуліся да грамадскасці з заклікам сабраць грошы для выплаты штрафу.
– Зараз мы працягваем судовае абскарджанне выпісанага нам штрафу і канфіскацыі у памеры больш чым 961 мільён беларускіх рублёў. Але спадзявання на Вярхоўны суд мы не маем, таму распачынаем збор дабрачынных ахвяраванняў, – заявіў Ігар Логвінаў.
Паводле Ігара Логвінава, ад збору такіх ахвяраванняў будзе залежыць і тое, ці зможа працягнуць працу на старым месцы кнігарня, што ўжо мае новых гаспадароў.
– Апроч штрафу, ад нас патрабуюцца вялікія грашовыя выдаткі на поўны перавод кнігарні з адной юрыдычнай асобы на другую. Вельмі спадзяемся, што гэта адбудзецца без болю, – дадае Логвінаў.
Збіраць ахвяраванні Ігар Логвінаў будзе праз скрыню непасрэдна ў апальнай кнігарні (Мінск, пр. Незалежнасці 37А), а таксама мяркуе адкрыць дабрачынны рахунак. Таксама ў гэтай справе Логвінаву дапамогуць і самі пісьменнікі – яны збіраюцца наладзіць шэраг дабрачынных аўкцыёнаў, падчас якіх самі стануць за кніжны прылавак.
– У сітуацыі, у якую трапіў Ігар Логвінаў, нічога ганебнага для чалавека няма. У свой час нават Францішак Скарына вымушаны быў апынуцца ў даўгавой яме, але яго з яе тады выратаваў кароль і вялікі князь. У нашым выпадку на гэта спадзявацца не прыходзіцца, таму ўсё прыйдзецца рабіць самім, – гаворыць вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў.
– Кнігарня “Логвінаў” – гэта сапраўдны нацыянальны праект, вельмі важная не палітычная, а культурная пляцоўка. У абсалютнай большасці краінаў свету такія асветніцкія ініцыятывы падтрымліваюцца дзяржавай, а ў нас, на жаль, трапляюць пад пераслед. Вось гэта вельмі ганебна, і мы ўсе разам павінныя паказаць, што падтрымліваем Логвінава, – дадае Арлоў.
– Гаворка ідзе не пра шараговую юрыдычную асобу, а пра сапраўдны феномен беларускай культуры. У гэтым месцы праводзіцца безліч імпрэзаў: літаратурныя клубы, прэзентацыі, сустрэчы інтэлігенцыі і г. д. Таму, калі нашы ўлады недзе загаворваюць пра неабходнасць вяртання нацыянальных каштоўнасцяў, наезд на Логвінава выглядае вельмі дзіўна і мярзотна, – гаворыць літаратар і філосаф Валянцін Акудовіч.
– Калі сітуацыя не зменіцца, такімі тэмпамі хутка беларускія ўлады могуць запатрабаваць атрымліваць ліцэнзію не толькі выдавецтвам і гандлярам, але і пісьменнікам ды чытачам, – іранізуе літаратар Андрэй Хадановіч.
– Сітуацыя абсурдная, таму мусім усе разам паказаць сваю салідарнасць перад уладамі, бо кнігарня “Логвінаў” – гэта ўнікальны культурніцкі праект, – дадае Хадановіч.
Па словах Ігара Логвінава, збор сродкаў на выплату штрафу распачнецца ўжо ад сёння. Бо, калі Вярхоўны суд усё ж адмовіць прадпрыемству ў касацыйнай скарзе, “Логвінаву” ў кароткі тэрмін прыйдзецца прайсці працэдуру банкруцтва і панесці субсідыярную адказнасць па вынесеным штрафе.
Паводле прадпрымальніка, хутчэй за ўсё, гэта будзе азначаць вопіс яго маёмасці і ўнясенне ў спіс невыязных. У горшым выпадку сітуацыя можа дайсці нават да крымінальнай справы.
Нагадаем, у снежні мінулага года інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Мінска паводле патрабавання Мінінфарма правяла пазапланавую праверку ў кнігарні "ЛогвінаЎ". Па выніках праверкі было заяўлена, што крама займаецца рэалізацыяй друкаванай прадукцыі без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.
9 студзеня 2015 года Эканамічны суд Мінска пастанавіў аштрафаваць прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства "Логвінаў" на 30 базавых велічыняў (5,4 млн. рублёў) за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама канфіскаваць даход, атрыманы юрыдычнай асобай у студзені-снежні 2014 года, у суме больш за 960 млн. рублёў.
Выдавец Ігар Логвінаў не прызнае сябе вінаватым. Ён сцвярджае, што рабіў усё магчымае, каб не ўчыняць правапарушэнняў. У прыватнасці, на працягу 2014 года кіраўніцтва ПВУП "Логвінаў" шэсць разоў спрабавала атрымаць неабходную ліцэнзію Мінінфарма, аднак з-за розных прычын у выдачы такога дакумента чыноўнікі адмаўлялі.
Логвінаў заявіў журналістам, што расцэньвае дзеянні Мінінфарма як вайну, якая доўжыцца ўжо некалькі гадоў. "Ні ў адной краіне свету няма законаў, актаў, якія забаранялі б прадаваць кніжкі, не кажучы ўжо пра тое, каб друкаваць іх і выдаваць", — падкрэсліў ён.
30 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі будзе разглядацца скарга Логвінава на апошнюю адмову Мінінфарма ў выдачы выдавецтву ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі.
Ахвяраванні на ўратаванне выдавецтва «Логвінаў» можна зрабіць двума спосабамі.
1) Прынесці грошы (толькі ў беларускіх рублях) у кнігарню (Мінск, пр-т Незалежнасі, 37а). Звярнуцца трэба да прадаўца, а пры сабе мець пашпарт.
2) Даслаць на літоўскі рахунак Літаратурнага дома «Логвінаў» (праз інтэрнэт-банкінг альбо праз сістэму PayPal) у далярах і еўра:
LT052140030003236738
Logvino literaturos namai
Nordea Bankas, Bank code 21400
Swift code NDEALT2X
На гэтую ж тэму:
Суд пастанавіў канфіскаваць у кнігарні “ЛогвінаЎ” 961 мільён рублёў «незаконнага прыбытку»
Игорь Логвинов: Сегодня книгоиздатель в Беларуси отвечает перед законом больше, чем самогонщик
Логвінава пазбаўляюць выдавецкай ліцэнзіі – за альбом «Прэс-фота-2011»