Адключэнне правадной радыёсеткі рэзка знізіла аўдыторыю Беларускага радыё (ДАКУМЕНТЫ)
Замест адключанага праваднога радыё ўлады хочуць перавесці насельніцтва на ультракароткахвалевыя прымальнікі.
У распараджэнні ГА “БАЖ” аказаліся лісты кіраўнікам прадпрыемстваў Бабруйска ад мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ад Бабруйскага гарвыканкама.
У кастрычніку 2014 года тагачасны в.а. начальніка бабруйскага гаррайаддзела МНС Аляксей Іваноў падпісаў распараджэнне пра ўсталяванне УКХ- радыёпрымачоў у кожным домаўладанні (кватэры) і адміністрацыйным памяшканні.
Як тлумачылася ў лісце, такое рашэнне звязана з неабходнасцю экстранага апавяшчэння насельніцтва ў выпадку пагрозы ўзнікнення надзвычайных сітуацый і для перадачы сігналаў грамадзянскай абароны.
Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Каваленка ў сваім лісце ў першую чаргу спасылаўся на рэзкае зніжэнне аўдыторыі слухачоў Беларускага радыё:
“Аналізуючы звесткі пра колькасць адключаных кропак праваднога вяшчання і колькасць рэалізаваных УКХ-прыёмнікаў у гандлёвай сетцы, аўдыторыя слухачоў гукавой праграмы “Першы нацыянальны канал Беларускага радыё”, а таксама студый мясцовага гарадскога і раённага радыё рэзка знізілася”, – гаварылася ў яго лісце кіраўнікам мясцовых арганізацый і ўстановаў. (Тэкст ліста прыводзіцца без змяненняў.)
Старшыня гарвыканкама распарадзіўся правесці ў працоўных калектывах “інфармацыйную працу” пра неабходнасць набыцця УКХ-радыёпрымальнікаў, разгледзець магчымасць набыцця іх для персіянераў і ветэранаў, а таксама забяспечыць іх наяўнасць у вытворчых і адміністратыўных памяшканнях з персаналам.
Правадное радыёвяшчанне ў Бабруйску было адключана ў маі 2014 года. Адключэнне паступова праводзілася па ўсёй Беларусі цягам 2014 года “ў сувязі з тым, што такая тэхналогія перадачы інфармацыі састарэла”.