Каля Акадэміі навук ідзе мітынг
14 гадзін 45 хвілін. Да ўдзельнікаў Дня волі на пляцоўцы каля Акадэміі навук прыкладна ў 14.20 далучылася калона дэманстрантаў на чале з Аляксандрам Мілінкевічам.
Калоны аб’ядналіся, і зараз у месцы правядзення акцыі ідзе мітынг, у якім удзельнічае, па ацэнках прысутных, ад 8 да 10 тысяч чалавек.(Прадстаўнікі ГУУС Мінгарвыканкама ў інтэрвью "Інтэрфаксу" падалі лічбу - каля 4 тысяч чалавек).
Перад сабранымі ўжо выступілі палітыкі Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Юлія Казуліна (дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна), Януш Анышкевіч (намеснік старшыні Еўрапарламента), дэпутат Еўрапарламенат Барбара Кудрыцка, дэпутат Дзярждумы Расіі, старшыня міжнароднага камітэту “Расія ў аб’яднанай Еўропе” Уладзімір Рыжкоў і іншыя. На мітынгу прысутнічае таксама лідэр СПС Расіі Мікіта Бялых.
Прадстаўнікі Еўрапарламента, у прыватнасці, заявілі, што Еўразвяз цалкам падтрымлівае патрабаванні беларускай апазіцыі і падзяляе тыя каштоўнасці, якія вызнае дэмакратычная супольнасць краіны. “Еўразвяз не дапусціць, каб Беларусь была страчана для дэмакратычнай Еўропы”, - заявіла Б. Кудрыцка.
Старшыня Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “перспектыва” Анатоль Шумчанка ў сваім выступе паведаміў, што зараз ініцыяваная акцыя за ўступленне Беларусі ў Раду Еўропы, заявіў, што прадпрымальнікі выступаюць супраць эканамічнай палітыкі, якую праводзяць дзейныя ўлады, і заклікаў людзей аб’яднацца.
Міліцыянты па гучнагаварыльніку ўвесь час заклікаюць удзельнікаў мітынгу разысціся і папярэджваюць, што ў выпадку непадпарадкавання ў дачыненні да іх могуць быць ужытыя спецсродкі, а таксама пераслед у адміністратыўным і крымінальным парадку.