Друкарня адмовілася супрацоўнічаць з недзяржаўнай газетай "Витебский курьер М"
Без тлумачэння прычын адмовіўся ўчора заключыць дамову з адзінай у горадзе недзяржаўнай грамадска-палітычнай газетай “Витебский курьер М” дырэктар дзяржаўнага паліграфічнага прадпрыемства “Віцебская абласная друкарня” Яўген Ларычаў.
Аб гэтым рашэнні ён паведаміў бліжэй да паўдня, калі газета была звярстана і выводзілася на плёнку. Напярэдадні супрацоўнікі друкарні ў прыватнай размове папярэдзілі галоўнага рэдактара Уладзіміра Базана, каб ён быў гатовы да такога павароту падзей, -- як распавёў У.Базан службе маніторынгу БАЖ.
“Я не здзіўлены адмовай Ларычава, -- гаворыць Уладзімір Базан. – Год таму нас выкінулі з падпіснога каталога і пазбавілі магчымасці распаўсюду праз кіёскі “Саюздруку” як і многія іншыя недзяржаўныя выданні ў Беларусі. Гэтыя газеты ўжо тады не змаглі заключыць дамову з мясцовымі друкарнямі. Таму нам пашанцавала, што яшчэ больш за год, не гледзячы на пастаянныя запазычанасці перад паліграфічным прадпрыемствам, “Витебский курьер” усё ж друкавалі. Па-мойму, відавочна, што зараз на Ларычава сур’ёзна націснулі зверху. Калі я яму выказаў гэтую здагадку, ён толькі прамаўчаў у адказ”.
Рэдакцыя знайшла выхад са становішча – змянілі фармат газеты з А-2 на А-4 і друкавалі на прынтары. “На такой тэхніцы выпусціць наклад у 1.749 асобнікаў на 32 старонках справа дарагая і працаёмкая. Мы перавёрствалі газету па да паўночы, а затым друкавалі да раніцы. Гэтая вымушаная мера – часовы варыянт, які быў прыняты дзеля нашых чытачоў і як адказ чыноўнікам: “Не дачакаецеся”, -- кажа галоўны рэдактар “Витебского курьера”. – Далей мы будзем шукаць магчымасці друкавацца ў Смаленску.”