Кіраўнікі БАЖ наведалі сябраў асацыяцыі ў Гомельскай і Магілёўскай вобласці


Кіраўніцтва БАЖ* сустракалася на мінулым тыдні з сябрамі журналісцкай арганізацыі ў Гомелі, Бабруйску і Магілёве. Спачатку старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна і намеснікі старшыні Аліна Суравец і Андрэй Бастунец наведалі чальцоў БАЖ у Бабруйску.

Кіраўніцтва БАЖ сустракалася на мінулым тыдні з сябрамі журналісцкай арганізацыі ў Гомелі, Бабруйску і Магілёве.

Спачатку старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна і намеснікі старшыні Аліна Суравец і Андрэй Бастунец наведалі чальцоў БАЖ у Бабруйску.

Галоўны рэдактар газеты “Бобруйский курьер” Анатоль Санаценка распавёў пра стан медыя-рынку ў рэгіёне. Ён адзначыў, што Бабруйск выбітны ў гэтым сэнсе: сёння ў горадзе існуе 8 газет – сярод іх і дзяржаўныя, і камерцыйныя, і 2 незалежныя выданні грамадска-палітычнага характару. І пры гэтым магчымасці ўмоў працы і канкурыравання ў іх няроўныя, – адзначыў А. Санаценка. – У недзяржаўных газет існуюць праблемы з атрыманнем інфармацыі ад дзяржаўных чыноўнікаў, а таксама актуальнае для большасці беларускіх незалежных газет пытанне распаўсюду.

Бабруйскія журналісты цікавіліся ў сваю чаргу, як цэнтральны офіс можа дапамагчы ім развівацца, па-першае, у прафесійным плане, па-другое, раіліся, як палепшыць камунікацыі паміж сябрамі БАЖ у рэгіёне. Падчас абмеркавання гэтага пытання ўзнікла ідэя наладзіць карпаратыўнае мерапрыемства, якое б ускалыхнула і ажывіла журналісцкі асяродак у Бабруйску.

У Гомелі, дзе існуе афіцыйна зарэгістраваная гарадская арганізацыя БАЖ, якая налічвае больш за 25 чалавек, адбыўся сход з удзелам калег з цэнтральнага офісу. Абмеркавалі запланаваныя пытанні і прынялі новых сябраў у БАЖ.

Асаблівасць Гомелю, што тут няма незалежных газет, таму для мясцовых журналістаў праблема беспрацоўя актуальная. Як выйсце, прапанавалася пісаць у карпаратыўны часопіс “Абажур” і для рэспубліканскіх недзяржаўных газет. “Калі матэрыял цікавы, газеты яго з задавальненнем возьмуць. Мы ў сваю чаргу абяцаем дапамагчы наладзіць стасункі з кіраўніцтвам той ці іншай рэдакцыі”, – зазначыла Жанна Літвіна. Таксама прапанавалася рыхтаваць інфармацыю для сайту БАЖ.

У сустрэчы з бажаўцамі ў Гомелі прыняў удзел таксама кіраўнік цэнтра прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў. Ён распавёў пра змены ў Адміністратыўным кодэксе, якія тычацца непасрэдна працы журналістаў, зазначыў, што заканадаўства стала “больш жорсткім”, даў юрыдычныя парады і адказаў на ўзнікшыя пытанні.

У Магілёве сябры БАЖ, падчас сустрэчы з кіраўніцтвам асацыяцыі, таксама ўзнялі праблему беспрацоўя, паколькі тут як і ў Гомелі не існуе недзяржаўных газет. І таму для маладых журналістаў проста няма магчымасці напрацоўваць вопыт і ўдасканальвацца прафесійна. Яны вылучылі слушную просьбу, каб БАЖ, распрацоўваючы адукацыйныя праграмы памятаў пра гэтую акалічнасць і запрашаў на такія заняткі журналістаў з Магілёву.

Магілёўскія сябры БАЖ выказалі пажаданне, каб калектыў і аўтары часопіса “Абажур” удзялялі больш увагі беларускай мове і імкнуліся пісаць па-беларуску. “Часопіс цікавы, але мы з большым задавальненнем будзем чытаць яго, калі ён будзе ўсё ж такі беларускамоўным. Зараз, на жаль, амаль палова артыкулаў на рускай мове”, – абураліся магілёўскія сябры БАЖ.

Кіраўнікі ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” распавялі рэгіянальным сябрам пра перспектывы працы на бліжэйшае паўгоддзе. Абмяркоўваліся пытанні вяртання прэстыжу прафесіі і адпавядання міжнародным стандартам працы. Кожны раз падкрэслівалася, што ад рэгіёнаў чакаюць ініцыятыў і прапаноў адносна і ўдасканалення карпаратыўнага жыцця, і творчага развіцця. “Калі, ідэі сапраўды цікавыя, яны заўсёды падтрымліваюцца”, – падкрэсліла намеснік старшыні БАЖ Аліна Суравец.