"Еўрапейскаму радыё для Беларусі" - 1 год
Год таму ўпершыню загучала радыёстанцыя “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. 26 лютага 2006 года Еўрарадыё стартавала ў эфіры вітальнымі словамі да беларускіх слухачоў, ў якіх нарэшце з’явілася магчымасць атрымліваць нецэнзураваную інфармацыю.
“Мы незалежныя беларускія журналісты. Мы распаўсюджваем праўдзівую і актуальную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і за яе межамі. Мы – за свабоду і аб'ектыўнасць”, – заяўляюць пра сябе супрацоўнікі радыёстанцыі.
“Еўрапейскае радыё для Беларусі” – гэта навіны Беларусі і свету, інтэрв'ю з вядомымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, інтэрактыў са слухачамі і музыка без 75% абмежавання.
Еўрарадыё мае ўласных карэспандэнтаў па ўсёй краіне. Сама рэдакцыя мусіць мясціцца за яе межамі, паколькі ў сённяшніх палітычных умовах у Беларусі немагчыма наладзіць працу незалежнай радыёстанцыі.
Да віншаванняў, якія атрымала рэдакцыя радыёстанцыі гэтымі днямі далучылася старшыня БАЖ Жанна Літвіна:
Яшчэ крыху больш за год толькі дыскутавалі наконт магчымасці вяшчання радыёстанцыі, а ўжо сёння мінуў год працы ў эфіры “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Радыё з кожным днём заваёўвае давер аўдыторыі, пашырае тэрыторыю вяшчання.
Галоўны здабытак рэдакцыі – гэта маладыя таленавітыя людзі, якія ўмеюць працаваць у новым інфармацыйным стылі. Таму жадаем, каб з кожным днём іх голас станавіўся больш гучным і ўплывовым. А “Еўрапейскае радыё для Беларусі” стала папулярным і любімым у людзей, якія звязваюць сваю будучыню з вяртаннем Беларусі ў Еўропу.
“Еўрапейскае радыё для Беларусі” кругласутачна вяшчае па спадарожніку HOTBIRD 6, 13° East, частата 11013 МГц (11013МГц/H/27500) і на вэб-сайце http://www.belradio.fm. Таксама з 8 да 9 гадзін раніцы “Еўрапейскае радыё для Беларусі” выходзіць ў эфір на частаце 'Балтыйскія хвалі' – 612 кГц (сярэднія хвалі). Жыхары Брэсцкай вобласці маюць магчымасць слухаць Еўрарадыё штодзень з 5 да 6.40 раніцы (з 6 да 7 раніцы па нядзелях) – на хвалях Radio dla Ciebie (103,4 FM).