Дзяржаўныя газеты Гомельшчыны не выканалі планавыя паказчыкі па падпісцы


Амаль паловай рэдакцый дзяржаўных газет у Гомельскай вобласці не выкананы планавыя паказчыкі па падпісным накладзе, - паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама Анатоль Каціла на выязным паседжанні калегіі гэтага ўпраўлення, якое ладзілася ў Жлобіне.

Амаль паловай рэдакцый дзяржаўных газет у Гомельскай вобласці не выкананы планавыя паказчыкі па падпісным накладзе, – паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама Анатоль Каціла на выязным паседжанні калегіі гэтага ўпраўлення, якое ладзілася ў Жлобіне.

Паводле А.Кацілы, “знізілася таксама рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі паліграфічнымі прадпрыемствамі, працягвае пагаршацца сітуацыя па неплацяжах”. Пра гэта ў нататцы пад загалоўкам “Ад кабінетнай ідэалогіі да народнай” напісала “Гомельская праўда” за 20 лютага 2007 года.

З якіх лічбаў Анатоль Каціла зрабіў такую выснову, не паведамляецца. Вядома толькі, што наклад самой “Гомельскай праўды” знізіўся за апошнія 15 гадоў больш, чым у чатыры разы.

Недзяржаўных грамадска-палітычных газет сёння ў Гомельскай вобласці наогул няма. Апошняя незалежная газета “Вольны час”, якая выходзіла ў Гомелі, вымушана была зачыніцца ў 2005 годзе па прычыне складанага эканамічнага становішча. Мясцовыя тыпаграфіі адмаўляліся друкаваць выданне. У 2004 годзе з тых жа праблем перастала існаваць салігорская газета “Регион-вести”.