Суд спыніў справу па зыску да газеты "Товарищ"
12 лютага суд Савецкага раёна Мінска спыніў справу ў дачыненні да недзяржаўнай газеты “Товарищ” па зыску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Пазоў на суму 150 мільёнаў рублёў да газеты “Товарищ” заснавальнікам якой з’яўляецца Партыя камуністаў Беларусі, і лідэра партыі Сяргея Калякіна накіраваў
былы чалец ПКБ Юрый Васкрасенскі.
Прычынай судовага разбіральніцтва стала публікацыя ў нумары “Товарища” ад 18 ліпеня 2006 года партыйнай справаздачы С. Калякіна, дзе ўтрымліваліся крытычныя выказванні ў адрас Ю. Васкрасенскага.
Разгляд судовай справы пачаўся ў лістападзе 2006 года, адбыліся чатыры судовыя пасяджэнні. У выніку суд вызначыў, што ў апублікаваным у газеце матэрыяле зроблена адзнака Вазнясенскага, як палітычнага дзеяча, што з’яўляецца палітычнай палемікай, а не знявагай гонару, – распавёў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар “Товарища” Сяргей Вазняк.
Сваю абарону рэдакцыя “Товарища” будавала, спасылаючыся на артыкул 47 закона “Аб друку і іншых СМІ”. Паводле гэтай прававой нормы, рэдакцыя вызваляецца ад адказнасці за распаўсюджанне звестак, якія зневажаюць гонар і годнасць, у выпадку калі яны з’яўляюцца даслоўным пераказам фрагментаў выступаў адказных асоб арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў.