15 гадоў таму выйшаў першы нумар "Белорусской деловой газеты"
Апошні друкаваны нумар “БДГ” выйшаў 22 сакавіка 2006 года. Першыя старонкі газеты былі прысвечаны вынікам прэзідэнцкіх выбараў і “беларускаму майдану” – масавай акцыі пратэсту на цэнтральнай плошчы краіны грамадзян, нязгодных з абвешчанымі вынікамі і выступаючых супраць парушэнняў падчас выбараў.
Далей выдавец і галоўны рэдактар "БДГ. Деловая газета" Пётр Марцаў вырашыў прыпыніць выхад газеты. Як тады ён патлумачыў, у сувязі з праблемамі друкавацца, увозіць газеты ў Беларусь і распаўсюджваць.
Зараз выходзіць інтэрнэт-версія газеты. “Паколькі няма магчымасці выпускаць друкаваную газету, мы вымушаны рабіць стаўку на развіццё нашага сайту”, – расказаў Пётр Марцаў.
Да свайго 15-годдзя рэдакцыя “БДГ” плануе выпусціць спецыяльны выпуск. “Гэта будзе невялікага накладу спецыяльны нумар, звярстаны з архіўных матэрыялаў, – паведаміў П. Марцаў. – Мы зробім рассылку па кліенцкай базе. У продажы юбілейнага нумару не будзе, на жаль, але яго можна будзе спампаваць у інтэрнэце”.
Галоўны рэдактар “БДГ” не губляе надзеі аднавіць выпуск газеты: “Несумнеўна, як толькі зменяцца ўмовы ў краіне, па крайняй меры , як толькі з’явіцца магчымасць друкавацца ў тыпаграфіях, збіраць рэкламу і дастаўляць газеты чытачам, не баючыся пераследу распаўсюднікаў – мы абавязкова ізноў пачнём выходзіць”.
“Самымі ўдалым для “Белорусской деловой газеты” быў перыяд з 1997-2001 год, – лічыць Пётр Марцаў. – У гэты час газета стала вядомай, працавала моцная прафесійная каманда, раслі наклады, было шмат цікавых праектаў. Мы сталі сапраўды ўплывовай газетай. Найбольш складана было працаваць у апошнія тры гады: газету закрывалі, узбуджалі судовыя справы, блакіравалі магчымасць распаўсюджвацца, ціснулі на нашых рэкламадаўцаў. У такіх умовах мы былі вымушаны перастаць друкавацца”.
Нагадаем, з 2003г. "БДГ.Деловая газета" вымушана была друкавацца за мяжой у Смаленску, бо беларускія тыпаграфіі адмаўляліся супрацоўнічаць. Але нават і там у перадвыбарчы час пачалі узнікаць праблемы – перадапошні нумар “БДГ” Смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся друкаваць, нягледзячы на існаванне дамовы.
Напрыканцы 2003 года за некалькі дзён да канца падпісной кампаніі “Белпошта” адмовілася распаўсюджваць газету па падпісцы і скасавала дамову. Яшчэ раней газета была пазбаўлена магчымасці распаўсюджвацца праз сетку кіёскаў “Белсаюздруку”.
Рэдакцыя стварыла ўласную сетку дастаўкі. Аднак у 2004 годзе гэты від дзейнасці стаў ліцэнзаваным, і ліцэнзію газета не атрымала.