Мінінфармацыі намерана рэгуляваць працу СМІ ў Інтэрнэце
Міністэрства інфармацыі плануе ўнесці змяненні ў Закон аб друку, якія будуць рэгуляваць Інтэрнэт, – паведаміў 31 студзеня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч.
Закон аб друку не павінен быць заменены якімсьці новым заканадаўчым актам, – сцвярджае міністр, – але ў сувязі з тым, што змяніліся ўмовы, Інтэрнэт атрымаў шырокае развіццё, плануецца ўнесці некаторыя змены ў закон аб друку.
Беларусь намерана вывучыць міжнародны вопыт па пытаннях заканадаўчага рэгулявання Інтэрнэта, – расказаў У.Русакевіч карэспандэнту БелТА, спаслаўшыся на тое, што і ў многіх іншых краінах вырашылі рэгуляваць пытанні, звязаныя з работай СМІ ў Інтэрнэце.
“Мы не плануем перашкаджаць рабоце Інтэрнэта, але лічым сваім абавязкам вывучыць дзейнасць ведамстваў іншых краін у гэтым накірунку, а таксама ўнесці адпаведныя новаўвядзенні ў закон аб друку”, – адзначыў Уладзімір Русакевіч.