"Магілёўсаюздрук" адмаўляецца рэалізоўваць недзяржаўную газету "Бобруйский курьер"


Бабруйскі філіял "Магілёўсаюздруку" адмаўляецца прадаваць у сваіх кіёсках недзяржаўную грамадска-палітычную газету "Бобруйский курьер".

Бабруйскі філіял “Магілёўсаюздруку” адмаўляецца прадаваць у сваіх кіёсках недзяржаўную грамадска-палітычную газету “Бобруйский курьер”.

У сувязі з нізкай рэалізацыяй выдання і вялікім адсоткам спісання дамова на рэалізацыю будзе скасавана з 01.02.2007 г., – паведамляецца ў афіцыйным лісце за подпісам начальніка філіяла Т. Бежалевай, які атрымала рэдакцыя газеты ў студзені.

Напрыканцы 2006 года бабруйскае аддзяленне “Саюздруку” зацягнула з падпісаннем працягу дамовы на наступны год. Калі ў студзені выдавец і галоўны рэдактар газеты Анатоль Санаценка звярнуўся з гэтай нагоды да кіраўніка прадпрыемства Т. Бежалевай, то высветлілася што дакумент падпісваць і не збіраліся.

Т. Бежалева, тлумачачы прычыны адмовы, спаслалася на ўнутранае палажэнне “Магілёўсаюздруку”, дзе быццам бы прадпісваецца не заключаць дамовы з выданнямі, рэалізацыя якіх у кіёсках “Саюздруку” складае менш за пяць тысяч асобнікаў, – паведаміў прэс-службе БАЖ Анатоль Санаценка.

Між тым, згодна дадзеным бухгалтэрыі “Бобруйского курьера”, праз кіёскі “Саюздруку” ў верасні 2006 года было рэалізавана 4.251 асобнікаў газеты, у кастрычніку – 4.046, у лістападзе – 6.486 асобнікаў “БК”.

Ніякіх прапаноў аб зніжэнні накладу з прычыны росту рэшты нерэалізаваных асобнікаў, як павінна рабіцца ў адпаведнасці з дамовай, у рэдакцыю “Бобруйского курьера” не паступала за ўвесь гэты час, – расказаў А. Санаценка.

Паводле слоў галоўнага рэдактара “Бобруйского курьера”, за рознічны гандаль газетай мясцовае прадпрыемства “Саюздруку”, атрымлівала 35,48% камісійнай узнагароды. Звычайна рознічныя наклады пры неабходнасці ўзгадняліся. Ніякіх канфліктных сітуацый не ўзнікала за 16 гадоў супрацоўніцтва.

Таксама трэба адзначыць, што сёння ў кіёсках Бабруйскага філіяла “Магілёўсаюздрук” рэалізуюцца дзяржаўныя выданні са значна меншымі рознічнымі накладамі, і ніякіх праблем у іх не ўзнікае.

На думку Анатоля Санаценкі, "учынак “Саюздруку”, заснавальнікам якога з’яўляецца Міністэрства інфармацыі, гэта палітыка эканамічнага задушэння незалежнай прэсы ў Беларусі".

Нагадаем, на пачатку 2006 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў дзяржаўнае прадпрыемства “Белсаюздрук” адмовілася рэалізоўваць шэраг недзяржаўных нацыянальных і рэгіянальных выданняў.
Больш за палову грамадска-палітычных газет былі пазбаўлены магчымасці распаўсюджвацца праз сетку кіёскаў.

У 2006 годзе “Белсаюздрук” таксама адмовіўся ўзнавіць супрацоўніцтва з гэтымі газетамі. Сёлета паведамленне аб скасаванні дамовы атрымала недзяржаўная газета “Нясвіжскі час”.