Мінінфармацыі абавязвае трансляваць "НТВ-Беларусь" у кабельных і эфірных тэлесетках
Па распараджэнні Міністэрства інфармацыі становіцца абавязковай трансляцыя тэлеканала “НТВ-Беларусь” ў кабельных і эфірных сетках Беларусі.
Адпаведны загад атрымала з Мінгарвыканкама 12 студзеня фірма “Космос ТВ”, аператар многаканальнага тэлебачання ў Мінску.
“У сувязі з рэгістрацыяй новай тэлепраграмы “НТВ-Беларусь”... Мінгарвыканкам абавязвае вас рэтрансляваць (давесці да ведама абанентаў) у сацыяльным пакеце тэлепраграм дадзены тэлеканал”, – паведамляе ў лісце са спасылкай на Мінінфармацыі.
“Інфармацыю аб выкананні прадаставіць ва ўпраўленне ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама да 25 студзеня 2007 года”, – інфармуе ліст за подпісам намесніка старшыні выканкама М. Ціцянкова.
Дырэктар па сувязях з грамадскасцю “Космос ТВ” Аляксандр Карнавух так пракаментаваў гэтае паведамленне: “Прыйшло распараджэнне, і мы як законапаслухмяныя грамадзяне павінны яго выконваць. Мы ўключылі гэты канал ў праграмны пакет эфірнага тэлебачання, тут з 22 студзеня “НТВ-Беларусь” выходзіць замест канала “Наше кино”. А ў эфіры кабельнага тэлебачання “НТВ-Беларусь” транслюецца з пачатку гэтага года”.
Поводле А.Карнавуха, пры гэтым трансляцыя тэлеканала “НТВ.Мир” захаваецца і ў эфірным, і ў кабельным вяшчанні”.
Паведамленне Мінгарвыканкама, што “у выпадку адсутнасці ўпэўненага прыёму тэлеканала “НТВ-Беларусь” з наземных перадаючых станцый вам неабходна атрымаць узгадненне Мінгарвыканкама і Міністэрства інфармацыі на рэтрансляцыю са спадарожніка тэлеканала “НТВ. Открытый мир” А.Карнавух не змог пракаментаваць. Ён адказаў, што прыём ўпэўнены і не зразумела, што азначае гэтае папярэджанне.