На дзяржаўным радыё ізноў не прагучаў з-за "тэхнічных непаладак" выступ кандыдата ў дэпутаты


Выступ кандыдата ў дэпутаты Бярозаўскага райсавета, сябра Партыі БНФ Анатоля Сахарушы не прагучаў у эфіры мясцовага радыё ў вызначаны час.

Выступ кандыдата ў дэпутаты Бярозаўскага райсавета, сябра Партыі БНФ Анатоля Сахарушы не прагучаў у эфіры мясцовага радыё ў вызначаны час.

Тэкст радыёзвароту да выбарцаў быў запісаны яшчэ напярэдадні Новага года і павінен быў прагучаць у 6.30 раніцай 3 студзеня па правадной сетцы ў эфіры раённага радыё.

Аднак слухачы пачулі толькі выступы іншых кандыдатаў у дэпутаты. Калі Анатоль Сахаруша звярнуўся за тлумачэннямі да кіраўніцтва Бярозаўскага раённага вузла сувязі, то атрымаў адказ, што ягоны выступ не адбыўся з-за тэхнічных непаладак.

Выступ спадара Сахарушы прагучаў толькі ў дзённым эфіры (калі колькасць слухачоў істотна скарачаецца) разам з паўторам выступаў іншых кандыдатаў.

Сам Анатоль Сахаруша лічыць, што выхаду ў эфір у зручны час заміналі не тэхнічныя праблемы, а тое, што яго выступ быў успрыняты мясцовымі ўладамі як “празмерна рэзкі і крытычны”.

Нагадаем, 28 снежня ў Гомелі таксама не прагучаў у запланаваны час зварот да выбарцаў кандыдата ў дэпутаты Гомельскага гарсавета ад БНФ Уладзіміра Шыцікава. Паводле кіраўніцтва радыё, здарылася “тэхнічная накладка”. Замест выступу ў эфіры гучала музыка.