З журналістамі правялі "прафілактычныя" размовы і адпусцілі
На дадзены момант ўсіх затрыманых у Бабруйску журналістаў адпусцілі. Перад гэтым іх каля трох гадзін пратрымалі ў Гарадскім аддзеле міліцыі, дзе праверылі дакументы і з кожным прыватна намеснік начальніка ГАУС Сяргей Глушко правёў "прафілактычную" размову.
Расказваюць затрыманыя журналісты: "На плошчы перад Бабруйскім гарвыканкамам супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным не падпускалі нас да месца падзей, дзе грамадскі актывіст Аляксандр Чыгір ў знак пратэсту супраць звальнення з працы прыкаваўся ланцугом да слупа ліхтара. Калі фотакарэспандэнт "Нашай Нівы" Юлія Дарашкевіч стала фатаграфаваць, як міліцыянеры рассякаюць ланцуг, С.Глушко перашкодзіў рабіць фотаздымкі, заламаў Юліі руку і пры гэтым пачаў крычаць, што яна вырвала яму гузік.
Пасля таго як супрацоўнікі міліцыі распілавалі ланцуг і вельмі жорстка запіхалі Чыгіра ў службовую машыну, яны акружылі нас і папярэдзілі, што з гэтага моманту мы затрыманыя да высвятлення. С. Глушко скамандаваў у рацыю падагнаць аўтазак альбо аўтобус. На запыты: "На якой падставе затрымліваеце?" - міліцыянеры адказвалі: "Напрыклад, за тое што вы нецвярозыя і брыдкасловіце", праўда самі пры гэтым актыўна ўжывалі ненарматыўную лексіку."
У міліцэйскім аддзяленні журналістаў размясцілі ў актавай зале, ва усіх сабралі пашпарты і службовыя пасведчанні для праверкі, прыкладна праз гадзіну дакументы вярнулі ўсім акрамя Юліі Дарашкевіч: "Пасля суду вернуць", - адказалі ёй, пазней дакументы аддалі. Потым па аднаму пачалі выклікаць да кіраўніцтва. Папярэдне заводзілі ў асобны кабінет, каб пакінулі асабістыя рэчы, у першую чаргу тэлефоны і дыктафоны. Размовы працягваліся па 5-10 хвілін. Сяргей Глушко, нам. начальніка ГАУС, задаваў пытанні накшталт: "Дзе працуеце? Ці знаёмыя асабіста з А. Чыгіром? З якой мэтай знаходзіліся на плошчы?"
Журналіст "Нашай Нівы" Юлія Дарашкевіч узгадвае, што яе падчас такой размовы папярэдзілі, што могуць прыцягнуць да адказнасці "па артыкуле 156" (за дробнае хуліганства, Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях).
Правёўшы размовы з кожным затрыманым журналістам, С. Глушко распарадзіўся іх адпусціць. Папярэдне з журналісцкіх фотакамер супрацоўнікі міліцыі выцерлі ўсе здымкі, нават тыя, што не тычыліся падзей на бабруйскай плошчы.
Нагадаем, згодна з артыкулам 39 Закона аб друку і іншых СМІ Рэспублікі Беларусь журналіст мае права прысутнічаць на мітынгах, дэманстрацыях і месцах іншых грамадскаважных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю, а таксама рабіць запісы, у тым ліку фотаздымкі.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"