Супрацоўнікі КДБ забралі аргтэхніку ў гродзенскага журналіста


11 траўня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус і забралі ўсю аргтэхніку ў кватэры і на працы ў гродзенскага журналіста

11 траўня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус і забралі ўсю аргтэхніку ў кватэры і на працы ў гродзенскага журналіста, былога намесніка кіраўніка Гродзенскай арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Уладзіміра Хільмановіча. У журналіста забралі 2 кампутары, ксеракс і прынтар. Сп. Хільмановіч звязвае гэтыя дзеянні са сваімі публікацыямі ў беластоцкім тыднёвіку "Ніва", які распаўсюджваецца таксама і на тэрыторыі Беларусі.

Як паведаміў прэс-службе БАЖ У. Хільмановіч, ператрус праводзілі супрацоўнікі УКДБ Гродзенскай вобласці. З іх словаў, гэтыя дзеянні праводзіліся ў межах крымінальнай справы, заведзенай ў дачыненні да сябраў грамадскай ініцыятывы "Партнёрства". Сам сп. Хільмановіч адмаўляе ўсялякія сувязі з гэтай арганізацыяй. У дзеяннях супрацоўнікаў КДБ ён бачыць імкненне перашкодзіць яго журналісцкай дзейнасці: яго публікацыі на актуальныя палітычныя тэмы з'яўляюцца амаль у кожным нумары газеты беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы "Ніва". Журналіст вядомы таксама сваімі публікацыямі ў газеце "Пагоня", закрытай уладамі ў 2001 годзе.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"