"Салідарнасць" атрымала прэмію фонду Цайта
19 траўня ў Гамбургу адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Герда Буцэрыюса "Маладая прэса Ўсходняй Эўропы" (прэмія Цайта), сярод лаўрэатаў якой сёлета апынулася рэдакцыя недзяржаўнай беларускай газеты "Салідарнасць", якая з пачатку г.г. існуе ў электронным выглядзе. Віншуем нашых калегаў!
Усяго сёлета прэміяй Буцэрыюса былі ўзнагароджаныя сем журналістаў з Расіі, Беларусі і Ўкраіны. Прэмія, закліканая падтрымаць незалежную журналістыку ва Ўсходняй Еўропе, была заснаваная фондам Цайта у 1999 і названая ў гонар заснавальніка фонду - юрыста, журналіста і выдаўца Герда Буцэрыюса. (Дарэчы, сёлета адзначаецца яго 100-годдзе). У папярэднія гады беларускія журналісты ўжо атрымлівалі прэмію Цайта. Сярод іх - Святлана Калінкіна, Мікола Маркевіч, Ася Трацюк, "Брестский курьер", "Белорусская деловая газета", "Народная воля", "Белорусский рынок", "Свободные новости", "Intex-press", "Витебский курьер", агенцтва БелаПАН.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"