Суд вярнуў справу журналіста "Коммерсантъ" у міліцыю


Судзебнае паседжанне па справе карэспандэнта расійскай газеты "Коммерсантъ" беларускага грамадзяніна Вадзіма Доўнара адтэрмінаванае, а матэрыялы справы адпраўлены на дапрацоўку ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска.

Судзебнае паседжанне па справе карэспандэнта расійскай газеты "Коммерсантъ" беларускага грамадзяніна Вадзіма Доўнара адтэрмінаванае, а матэрыялы справы адпраўлены на дапрацоўку ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска.

Суддзя выслухала толькі аднаго сведку, які напісаў рапарт аб затрыманні журналіста – байца атрада спецыяльнага прызначэння МУС сп. Гурыновіча. Астатнія з тых, хто быў выкліканы ў суд, на слуханне не прыйшлі. У тым ліку і старэйшы змены аховы памяшкання Адміністрацыі прэзідэнта сп. Плотнікаў, які, нібыта, чуў, што В. Доўнар абразіў Лукашэнку. Такім чынам, паколькі дадзеныя рапартаў і пратакола разыходзяцца (першыя ўказваюць на крымінальны артыкул, іншыя – на адміністратыўнае парушэнне), матэрыялы справы былі накіраваныя зноў у міліцыю.

Нагадаем, што Вадзіма Доўнара затрымалі 21 красавіка ў цэнтры Мінска, калі ён са знаёмым ішоў па вуліцы К. Маркса, накіроўваючыся ў інтэрнэт-кавярню. Людзі ў цывільным, якія стаялі ля ўваходу ў прэзідэнцкую рэзідэнцыю, выклікалі машыну з супрацоўнікамі АМАП. В. Доўнара і яго спадарожніка затрымалі і даставілі ў Ленінскі РУУС г. Мінска. У выніку у міліцэйскім рапарце сцвярджалася, што журналіст быў у нецвярозым стане, зневажаў кіраўніка дзяржавы і выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі. У пратаколе – што ён, нібыта, нецэнзурна лаяўся.

"Відаць, Плотнікаў бачыў мяне на апазіцыйных акцыях, таму і вырашыў зрабіць мне непрыемнасць. І тое, што ён не прыйшоў у суд, толькі пацвярджае гэта”, – гаворыць Вадзім Доўнар. Ён таксама дадаў, што пра наступнае судовае паседжанне яго павінны папярэдзіць супрацоўнікі міліцыі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"