Польскіх журналістаў не ўпусцілі ў Беларусь


28 красавіка (пятніца) у 9.00 у Ленінскім раённым судзе працягнуцца слуханні адміністратыўнай справы карэспандэнта расійскай газеты "Коммерсантъ", беларускага грамадзяніна Вадзіма Доўнара.

25 красавіка ў Беларусь не ўпусцілі журналістаў польскага тэлебачання. Яцэка Гасіньскага (Jacka Gasilskiego) з аператарам Рышардам Шміткоўскім (Ryszardem Szmitkowskim) выслалі з мінскага аэрапорту, а Яраслава Каміньскага (Jaroslawa Kaminskiego) не прапусцілі праз пункт Кузніца Беластоцкая - Брузгі. Журналісты скіроўваліся ў Мінск, каб асвятляць акцыю апазіцыі, прымеркаваную да 20-х угодкаў Чарнобылю, - паведамляе сайт www.tvp.pl

Гасіньскі, журналіст Тэлевізійнага інфармацыйнага агенцтва (Telewizyjnej Agencji Informacyjnej), мае акрэдытацыю беларускага МЗС і візу, сапраўдную да лістапада 2006 г. У аэрапорце яму ўручылі пастанову аб дэпартацыі, але візу не анулявалі. Нагода невядомая: у пастанове аб дэпартацыі пазначаны толькі пункт "іншыя прычыны". (Як паведамляе сайт TVP, у Гасіньскага забралі пашпарт пад час пашпартнага кантролю, а пазней паабяцалі зладзіць яму сустрэчу з начальнікам памежных службаў аэрапорту. Аднак потым яго правялі адразу у залю адлётаў, дзе ён даведаўся ад прадстаўніка польскай авіякампаніі "LOT", што ён дэпартаваны і павінен вяртацца ў Варшаву. Калі журналіст пачаў пратэставаць, да яго падышоў беларускі памежнік, які аформіў пастанову аб дэпартацыі).

Яраслаў Каміньскі, публіцыст праграмы 1-й праграмы TVP "Bialorul, Bialorul", таксама меў сталую акрэдытацыю беларускага МЗС і візу да лістапада г.г. На пункце пропуску Кузніца Беластоцкая - Брузгі памежнікі яму заявілі, што ён з'яўляецца "непажаданай асобай" у Беларусі, і анулявалі яму візу без тлумачэння прычын.

TVP нагадвае, што ў сярэдзіне снежня мінулага году беларускія ўлады дэпартавалі з Мінску журналістку TVP Агнешку Рамашэўску (Agnieszke Romaszewska), якая планавала заняць пасаду сталага карэспандэнта Telewizji Polskiej у Беларусі. Як і Гасіньскаму, ёй у аэрапорце ўручылі пастанову аб дэпартацыі, у якой таксама быў пазначаны пункт "іншыя прычыны".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", па матэрыялах TVP.PL