Мінінфармацыі хоча "інтэграваць Беларусь у сусветную інфармацыйную пастору" без недзяржаўных СМІ
"Прапаганда айчынных друкаваных і электронных СМІ, садзеянне інтэграцыі Беларусі ў сусветную інфармацыйную прастору, умацаванне і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы інфармацыі і друку" - такія мэты пастаўленыя перад 10-й Міжнароднай спецыялізаванай выставай "СМІ ў Беларусі", якая пройдзе 3-6 траўня ў Мінску. (Цытата ўзятая з сайту Міністэрства інфармацыі). Між тым, па інфармацыі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", большасць недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў у выставе ўдзельнічаць не збіраюцца.
Шэраг кіраўнікоў недзяржаўных СМІ заявілі, што не будуць удзельнічаць у выставе з эканамічных прычын. Галоўны рэдактар аднаго з грамадска-палітычных недзяржаўных СМІ (які пажадаў не называць сябе) прызнаўся, што яго выданне не будзе ўдзельнічаць у выставе не толькі з фінансавых, але і з ідэалагічных прычын. "Гэткія мерапрыемствы праводзяцца для чыноўнікаў і для тых СМІ, якія трымаюць справаздачы перад адміністрацыяй", - зазначыў ён у гутарцы з прэс-службай БАЖ. З яго словаў, рэкламадаўцы газеты таксама не зацікаўленыя ва ўдзеле выдання ў гэткіх акцыях.
Выстава ладзіцца Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы МЗС, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Мінгарвыканкама, Беларускага саюзу журналістаў, Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы, Міжнароднага антытэрарыстычнага медыяфоруму і іншых структур.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"