У Мінску прайшла прэзентацыя кнігі “Diamonds of Belarus”


Аўтарка – сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алена Адамчык.

Алена Адамчык – фотамастак, майстар парадных партрэтаў. Першая персанальная выстаўка Алены называлася “Nude veritas” і прайшла ў 1992 годзе ў Варшаве. Пасля гэтага яе фотапрацы экспанаваліся ў розных гарадах і краінах Еўропы.

У 2004 годзе Алена распачала кніжны праект «Women of…». Першы фотаальбом называўся «Беларускі». Прэзентацыя трэцяй кнігі прайшла на плошчы Казіно ў княстве Манака, што натхніла фотамастачку зрабіць там жа і наступны альбом пад назваю «Women of Monaco». Кнігу склалі партрэты сусветнавядомых жанчын, сярод якіх былі: Шырлі Бэсі, прынцэса Бурбонская Каміла, Моніка Бакардзі, Сафія Аль Рашыд. Уступ для кнігі напісала прынцэса Гановерская Караліна.

Новая кніга «Diamonds of Belarus» – гэта сумесная праца, прысвечаная дзесяцігоддзю салона «Смаленскія дыяменты» у Мінску і праекта «Women of…», які стаў вядомым далёка за межамі Еўропы.  Гераіні новай кнігі –  дзівосныя і шматгранныя, яны ззяюць гэтак жа ярка, як іх упрыгажэнні –  дыяменты, дзеляцца думкамі аб сваёй сям'і, штодзённых клопатах; раяць, як ажыццявіць свае мары і забяспечыць мірную будучыню.

– Я спадзяюся, што гэта кніга стане выдатнай спадчынай у вечнасці, каб натхняць сваіх чытачоў на доўгія гады, – гаворыць Алена Адамчык.