Спынім беспакаранасць


2 лістапада міжнародныя арганізацыі распачынаюць штогадовую кампанію за спыненне беспакаранасці злачынстваў супраць журналістаў. У гэтым годзе колькасць загінулых журналістаў ужо амаль дасягнула сотні, з найбольшымі ахвярамі ў Пакістане, Сірыі, Іраку, Палестыне, Украіне. У Пакістане былі забітыя 13 журналістаў, у Палестыне9, ва Украіне7, столькі ж у Афганістане.

Дзень спынення беспакаранасці адзначаўся ўпершыню ў 2011 годзе па ініцыятыве Міжнароднай асацыяцыі ў абарону свабоды слова (IFEХ).

Дата была прымеркаваная да 23 лістапада: у гэты дзень у 2009 годзе адбылося жорсткае масавае забойства журналістаў напярэдадні выбараў на Філіпінах.

У 2013 годзе на 68-й сесіі Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 68/163, у якой пастанавіла абвясціць 2 лістапада Міжнародным днём спынення беспакаранасці злачынстваў супраць журналістаў. Рэзалюцыя заклікае, каб дзяржавы-сябры зрабілі канкрэтныя захады ў барацьбе з беспакаранасцю. Дата была выбрана як памяць пра двух французскіх журналістаў, забітых у Малі 2 лістапада 2013 г.

У гэтай знакавай рэзалюцыі асуджаюцца любыя замахі і акты гвалту ў дачыненні да журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Акрамя таго, рэзалюцыя настойліва заклікае, каб дзяржавы-сябры зрабілі ўсё магчымае дзеля прадухілення гвалту ў дачыненні да журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, прыцягвалі да адказнасці і перадавалі суду асоб, што ўчынілі злачынствы супраць журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, а таксама забяспечылі пацярпелым доступ да належных сродкаў прававой абароны. Рэзалюцыя таксама заклікае дзяржавы садзейнічаць стварэнню бяспечных i спрыяльных умоў для таго, каб журналісты выконвалі сваю працу незалежна і без залішняга ўмяшальніцтва.

У гэтым годзе колькасць загінулых журналістаў ужо амаль дасягнула сотні, з найбольшымі ахвярамі ў Пакістане, Сірыі, Іраку, Палестыне, Украіне. У Пакістане былі забітыя трынаццаць журналсітаў, у Палестыне – дзевяць, ва Украіне – сем, столькі ж у Афганістане.

«2014 год запомніцца нам не проста як чарговы трагічны год, дзе журналістаў забіваюць па завядзёнцы; ён назаўсёды запомніцца дзікунскімі відэа, на якіх былі абезгалоўленыя амерыканскія журналісты Джэймс Фоўлі і Стывен Сотлаф. Гэта новы размах, нябачаны дагэтуль, і мы маем намер гэта спыніць. Мы, канечне, удзячныя міжнародным інстытуцыям за заснаванне міжнароднага дня за спыненне беспакаранасці, але яны павінныя рабіць больш, каб прымусіць дзяржавы несці адказнасць за бяспеку і абарону журналістаў», – кажа Джым Бумела, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі журналістаў.

МФЖ заклікае сваіх сябраў і журналісцкую супольнасць дапамагчы надаць большы розгалас гэтай кампаніі, каб данесці мэсэдж да сваіх урадаў. Можна падзяліцца паведамленнем пра дзень супраць беспакаранасці ў сябе на сайце, у сацыяльных сетках; можна накіраваць петыцыю з адпаведным заклікам да сваіх уладаў і ў амбасады тых краін, дзе востра стаіць пытанне бяспекі журналістаў. Кампанія будзе цягнуцца да 23 лістапада (хэштэг #EndImpunity і банер для запампоўкі).

З заявы Эні Гейм, выканаўчага дырэктара IFEX:

«Раней пазнаку «Прэса» насілі дзеля дадатковай аховы; цяпер жа гэта – мішэнь, калі баевікі расцэньваюць журналістаў як пешак для сваёй барацьбы за ўладу. Не ўсе выкраданні ці забойствы журналістаў трапляюць у міжнародныя загалоўкі, і большасць смерцяў адбываецца не ў зонах ваенных дзеянняў. Большасць ахвяраў – мясцовыя журналісты, якія асвятляюць падзеі ўнутры краіны. Тых, хто мог бы данесці праўду, выкрываючы злачынствы, канфлікты ці карупцыю, усё часцей пераследуюць і прымушаюць замаўчаць. Але не важна, ці гэта дзеянні ультра-гвалтоўных джыхадзістаў, такіх як ISIS, ці крымінальнага сіндыкату, або ценявыя фігуры робяць брудную працу для карпарацый ці ўрадаў – матывы пераследу СМІ зразумелыя, як зразумела і тое, чаму мы не можам дазволіць гэтаму адбывацца далей...»

«Рэальнасць сістэмнай беспакаранасці злачынстваў, учыненых супраць журналістаў, не выклікае сумневаў. Па апошніх дадзеных ЮНЕСКА, з 2006 года расследавана менш за 10% забойстваў журналістаў».

За некалькі тыдняў напярэдадні 2 лістапада IFEX накіравала лісты ва ўсе місіі ААН, заклікаючы ўрады ўнесці свой уклад – выкарыстоўваць механізмы ААН для вырашэння праблемы беспакаранасці. Увага засяроджана на двух механізмах: План дзеянняў ААН па забеспячэнні бяспекі журналістаў і пытанні беспакаранасці, двухгадовы даклад Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па бяспецы журналістаў і пагрозах беспакаранасці, які адсочвае і паведамляе аб прагрэсе нераскрытых спраў па злачынствах супраць журналістаў. Разам яны даюць надзею дамагчыся адчувальнага, доўгатэрміновага прагрэсу – усталяваць бяспечныя ўмовы для журналістаў і пакласці канец беспакаранасці за злачынствы ў дачыненні да іх.

«Мы хочам пераканацца, што ўсе разумеюць праблему беспакаранасці, усе ведаюць, як працуюць механізмы ААН і як кожны можа быць задзейнічаны ў іх. Для гэтага мы падрыхтавалі агітацыйныя рэсурсы, два інфармацыйныя бюлетэні, інфаграфіку і карту па гарачых кропках.

Мы ведаем, што ўрады ў адзіночку ніколі не вырашаць праблему. Моцная і паўнавартасная грамадзянская супольнасць, надзейная і празрыстая прававая сістэма, адважныя юрысты, гарачыя і нястомныя дзеянні асобных людзей па маніторынгу парушэнняў, павышэнні дасведчанасці, прасоўванні бяспекі журналістаў і патрабаванні справядлівасці – гэта заўсёдны авангард барацьбы за спыненне беспакаранасці».

Глядзець матэрыялы па-руску.