Даклад аб дыскрымінацыі будзе даследаваны Камісіяй па выяўленні экстрэмізму**?
Сумесны даклад брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў «За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі», надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы па пошце ў Беларусь, быў затрыманы мытняй аэрапорта «Мінск-2» яшчэ ў пачатку жніўня 2014 года.
Груз быў перададзены для экспертызы ў аддзел кантрабанды. Пра што гэтая экспертыза, мытнікі не паведамлялі, але некалькі разоў працягвалі тэрміны праверкі.
Старшыня БХК* Алег Гулак:
«Відавочна, што ўвесь гэты час мытня цягнула час. Мы мяркуем, што яны чакалі стварэння тэрытарыяльных Камісій па выяўленні экстрэмізму ў друкаванай прадукцыі**. Рэспубліканская камісія запрацавала яшчэ ў канцы верасня, а вось абласныя і мінская гарадская ўвесь гэты час ствараліся.
Нас запрасілі на адбор узораў, уручылі акт, у якім пазначана, што ўзоры канфіскаваныя для адпраўкі на экспертызу. Які орган будзе праводзіць экспертызу, на прадмет чаго, якія пытанні будуць пастаўлены на разгляд экспертам - пра гэта нічога не сказана. Мы доўга пераконвалі мытнікаў, што нам павінны даць на рукі рашэнне аб прызначэнні экспертызы: яно не сакрэтнае, наўпрост закранае нашыя правы, а акрамя таго, па Мытным кодэксе мы маем права ставіць перад экспертам дадатковыя пытанні. Зразумела, што гэта можна зрабіць, толькі ведаючы прадмет экспертызы і асноўныя пытанні да экспертаў. Мытня адказвае: вы можаце напісаць любыя пытанні, а мы разгледзім, падыходзяць яны ці не».
Адзначым, што першая партыя такіх жа кніг прыйшла ў Беларусь у ліпені і прайшла мытную праверку без пытанняў. Кніга была накіравана ва ўсе зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы, у тым ліку ў Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў, Мінюст, Генеральную пракуратуру. З Адміністрацыі Прэзідэнта было атрымана паведамленне пра тое, што інфармацыя, выкладзеная ў дакладзе, «прынята да ведама».
Даклад «За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі», быў падрыхтаваны The Equal Rights Trust ў партнёрстве з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і пры дапамозе міжэтнічнага кансультатыўнага савета пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, МГА "Гендэрныя перспектывы", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", ГА "Радзіслава”, АПУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", Праваабарончага праекта "ГейБеларусь", а таксама Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын.
Выданне з'яўляецца першай усёабдымнай справаздачай аб дыскрымінацыі і няроўнасці па ўсіх падставах і ва ўсіх сферах жыцця ў Беларусі. Даклад заснаваны на шырокіх палявых даследаваннях, інтэрв'ю, фокус групах і сур'ёзным аналізе заканадаўства і палітыкі. Даклад таксама дае шэраг дэталёвых рэкамендацый беларускім уладам, якія тычацца неабходных рэформаў у заканадаўстве, палітыцы і практыцы па забеспячэнні роўнасці і недыскрымінацыі.
*Поўная статутная назва РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", тут і ў іншых тэкстах - таксама БХК і Беларускі Хельсінкскі Камітэт.
**Экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму.