Мінінфармацыі пастанавіла знішчыць затрыманы наклад незарэгістраванай газеты "Свободу Беларуси"
Адміністратыўную справу за захоўванне ў прыватным аўтамабілі незарэгістраванай газеты “Свободу Беларуси” супраць намесніка старшыні АГП Ігара Шінкарыка Міністэрства інфармацыі спыніла з прычыны “адсутнасці складу правапарушэння”, а менавіта “адсутнасці факту распаўсюду” выдання.
Аднак, згодна з пастановай аб спыненні справы, наклад затрыманай газеты павінен быць знішчаны.
“Друкаваная прадукцыя (газета “Свободу Беларуси”) без выхадных дадзеных належыць знішчэнню, паколькі не адпавядае патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых СМІ” і не можа быць распаўсюджана на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, – паведамляецца ў дакуменце ад 30 сакавіка, падпісаным намеснікам міністра інфармацыі Ігарам Лапцёнкам.
Нагадаем, 50 тысяч асобнікаў газеты “Свободу Беларуси” былі выяўлены ў аўтамабілі І.Шынкарыка 7 сакавіка 2007 года пад час праверкі дарожна-аўтамабільнай інспекцыяй.
Як паведамляецца на сайце прыхільнікаў АГП, са спасылкай на словы І.Шынкарыка, выхадныя дадзеныя на газеце прысутнічаюць, а газета была надрукавана ў смаленскай друкарні. Нумар газеты прысвячаўся нафтагазаваму канфлікту Беларусі і Расіі.