10 гадоў таму з Беларусі дэпартавалі карэспандэнта НТВ Аляксандра Ступнікава
Дзесяць гадоў таму беларускія ўлады пазбавілі акрэдытацыі і прымусілі пакінуць тэрыторыю Беларусі ўласнага карэспандэнта расійскага тэлеканала НТВ Аляксандра Ступнікава.
25 сакавіка 1997 года журналіст атрымаў уведамленне з Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аб тым, што ён пазбаўляецца акрэдытацыі, а таксама тэхнічных магчымасцяў перадаваць тэлевізійныя матэрыялы праз спадарожнікавую сувязь з рэспубліканскага тэлецэнтра. А прадстаўнікоў НТВ папярэдзілі, што калі імя і голас Ступнікава будуць прысутнічаць у рэпартажах з Беларусі, то тэлеканалу наогул забароняць працаваць у краіне.
27 сакавіка намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта І.Пашкевіч заявіў па дзяржаўным тэлебачанні, што расійскі журналіст Аляксандр Ступнікаў падлягае дэпартацыі за дзейнасць, несумяшчальную з яго журналісцкім статусам, і парушэнне Закона аб друку і павінен пакінуць краіну цягам бліжэйшых дзён, не пазней за 31 сакавіка. Да гэтага А. Ступнікава неаднаразова папярэджвалі аб тым, што могуць ануляваць яго акрэдытацыю.
31 сакавіка ўвечары журналіст на цягніку “Мінск-Масква” пакінуў Беларусь.
Па супадзенні менавіта праз дзесяць год пасля дэпартацыі Аляксандр Ступнікаў прыехаў у Мінск. Зараз ён працуе на канале “НТВ-мир”, але ў Беларусь наведаўся не па прафесійных справах. Журналіст адказаў на пытанні прэс-службы БАЖ і падзяліўся сваімі ўражаннямі і ўспамінамі.
– Гэта даволі складаныя ўспаміны, якія, мабыць, захаваюцца на ўсё жыццё - як запамінаюцца звычайна пераломныя моманты жыцця. З аднаго боку, было цяжка на душы, таму што тут заставаліся сям’я, дзеці. Поўная нявызначанасць, што будзе далей.
Але з іншага боку, я ніколі не забудуся на тую карпаратыўную дапамогу калег – як яны імкнуліся падтрымаць маральна, як праводзілі на вакзале. Я заўсёды буду шчыра ўдзячны БАЖу як аднаму з арганізатараў гэтай карпаратыўнай падтрымкі. Было вельмі цяжка ў той момант, але ўсё-такі, мабыць, вось гэтая дружба і карпаратыўнасць з аднаго боку аказаліся больш важнымі і запомніліся, у адрозненні ад праблем і эксцэсаў, якія былі з іншага боку.
На думку Аляксандра Ступнікава, ён быў дэпартаваны з Беларусі за яго падыход да працы:
– Я проста гаварыў у сваіх матэрыялах тое, што бачыў, без усялякіх інтэрпрэтацый. Як люстэрка, паказваў адбітак таго, што адбываецца. Справа ў тым, што да Беларусі я працаваў на ВВС у Лондане, да гэтага – у Амерыцы. Прафесійнымі стандартамі, падыходам і стаўленнем да працы, якія я набыў там, я кіраваўся таксама і ў Беларусі.
Я не кажу тут выключна пра палітыку. Проста я не баяўся казаць праўду. Калі разганялі дэманстрацыю, прымянялі да людзей сілу, а я гэта бачыў – я здымаў і паказваў гэта ў сваіх рэпартажах.
Калі з’явіліся “белыя плямы” ў прэсе (з чаго, мабыць, і пачаўся ўціск свабоды слова), гэта было для мяне не толькі, як кажуць, інфармацыйнай нагодай. Я ўспрыняў гэта як плявок і на прафесію журналіста, і ў бок людзей, якія маюць права атрымліваць інфармацыю, і ў дачыненні да Беларусі. Таму што гэтая краіна для мяне не чужая. Я заўсёды хацеў, каб яна была нармальнай еўрапейскай краінай - і па псіхалогіі, і па інстытутах грамадства, каб людзі тут жылі добра, спакойна і, галоўнае, паважалі сябе.
На думку шматлікіх калег, дэпартацыя Ступнікава наўпрост звязана з яго рэпартажамі з масавай акцыі пратэсту, якая адбылася перад гэтым - 23 сакавіка - у Мінску і была жорстка падаўлена міліцыяй. Тады, напярэдадні падпісання дамовы Беларусі і Расіі аб стварэнні саюзнай дзяржавы, каля чатырох тысяч чалавек выйшлі на вуліцы сталіцы, каб выказаць сваю нязгоду з такім палітычным курсам.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, “Рэпарцёры без межаў”, “Міжнародная федэрацыя журналістаў” і шэраг іншых праваабарончых арганізацый тады ў сувязі з дэпартацый журналіста Ступнікава выступілі з заявамі пратэсту і накіравалі звароты да кіраўнікоў Беларусі і Расіі з патрабаваннем спыніць пераслед журналістаў і парушэнні свабоды прэсы. Аднак іх заклікі не былі пачутыя ні ў Беларусі, ні ў Расіі.